Фота: pexels.com
Напрыканцы 2025-га ў рэдакцыю CityDog.io патрапіў спіс выканаўцаў, чые песні было забаронена выконваць у беларускіх караоке-барах у 2025 годзе.
Як сцвярджае крыніца, дакумент яму выдалі ў адным з беларускіх упраўленняў культуры. Сапраўднасць спісу пацвердзілі яшчэ дзве незалежныя адна ад адной крыніцы.
Усяго ў пералік са 160 імёнаў і назваў груп патрапілі беларускія, украінскія, еўрапейскія, амерыканскія і расійскія артысты.
Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што спіс складзены даволі дзіўна, у ім не толькі тыя выканаўцы, што падтрымлівалі пратэсты ў Беларусі, крытыкавалі рэжымы Лукашэнкі ці Пуціна ці выступалі супраць поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне.
Прысутнасць часткі музыкаў у спісе немагчыма растлумачыць ні палітыкай, ні стаўленнем да вайны.
Напрыклад, Баста – расійскі рэпер, у 2017 годзе яго ўнеслі ва ўкраінскую базу «Міратворац» за актыўную падтрымку анексіі Крыма Расеяй. Таксама ён падтрымлівае РФ у нападзе на Украіну. Ці Лаліта, якая нарадзілася ва Украіне, жыве ў Маскве і публічна не крытыкуе расейскую ўладу. Яе выключылі з расійскіх тэлевізійных эфіраў пасля ўдзелу ў «голай вечарыне», арганізаванай блогеркай Настай Іўлеевай.
У спісе таксама ёсць Рэгіна Тадарэнка – украінка, жыве ў Маскве, таксама не выказвалася супраць вайны і не падтрымлівала пратэсты 2020 года. І Артур Піражкоў (сапраўднае імя – Аляксандр Рэва), які нарадзіўся ў Данецку, у пачатку поўнамаштабнай вайны апублікаваў антываенны пост, але ў 2025 годзе, як пісалі расійскія СМІ, атрымаў грамадзянства РФ.
Акрамя таго, у ім ёсць памылкі. Напрыклад, Гурт «Дай дарогу!» указаны два разы. N.R.N. замест N.R.M., Даня Мелохін, а не Мілохін, Anakondas замест Anacondaz.
Поўны спіс:
Дарэчы, у пачатку 2023 года быў апублікаваны «чорны спіс» з 87 артыстаў. Па даных праваабаронцаў, ён быў перададзены дзяржустановам, якія ладзяць канцэрты. Як мяркуецца, спіс склалі ў КДБ.
У яго патрапілі: беларускія выканаўцы: Ларыса Грыбалёва, Ганна Шаркунова, Іна Афанасьева, Саша Нэма, Юзары, Аляксей Хлястоў, Ксенія Сітнік, Макс Корж, гурты «Ляпіс Трубяцкі», «Нейра Дзюбель», N.R.M., «Крамбамбуля», NaviBand; замежныя музыкі: Lady Gaga і Шэр; расійскія артысты: Anacondaz, Little Big, «Нагу звяло», Noize MC, Oxxxymiron, Валерый Меладзэ, Ганна Нятрэбка, «Бі-2», ДДТ.
Нагадаем, што «чорныя спісы» ў Беларусі існуюць з 2000-х гадоў. Тады ў іх уваходзілі найперш беларускамоўныя рок-музыкі кшталту N.R.M., Krama, Ulis і іншыя выканаўцы.