Турчын паехаў стабілізаваць Светлагорскі ЦКК

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын адправіўся на Светлагорскі ЦКК. У прэс-службе ўрада назвалі мэтай рабочай паездкі выпрацоўку “сістэмных рашэнняў па стабілізацыі дзейнасці прадпрыемства”.

На мінулым тыдні на нарадзе ў Лукашэнкі разглядаўся праект пастановы Саўміна аб выдзяленні прадпрыемству сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця, якія павінны быць накіраваныя на разлікі па крэдытах.

У прэс-службе ўрада адзначылі, што сёння Светлагорскі ЦКК працуе ў штатным рэжыме, забяспечваючы выпуск прадукцыі на праектным узроўні.

Асноўныя віды прадукцыі: цэлюлоза сульфатная (доля ў агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі — 83,6%), папера і кардон — 3,5%, папера, кардон гафрыраваныя і тара кардонная транспартная — 6,4%, іншыя — 6,5%. Экспартныя пастаўкі наладжаныя ў Расію, Кітай, Венгрыю, Турцыю, Узбекістан, Іран і іншыя краіны.

Цяпер на прадпрыемстве будуецца цэх па вытворчасці мяшковай паперы, якую павінны выкарыстоўваць для фасоўкі мукі, цукру, сухога малака, камбікорму, цэменту, сухіх будаўнічых сумесяў і г.д. Пры гэтым 80% прадукцыі будуць адпраўляць на экспарт.

Трэба адзначыць, што сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікаваная пастанова аб бязвыплатнай перадачы ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь амаль 553 тыс. акцый Светлагорскага ЦКК, якія належаць ІТАА “БГ Капітал” (0,0013% статутнага фонду).

Выява: прэс-служба ўрада
Выява: прэс-служба ўрада
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!