Скриншот видео
Дамоўленасці з Расіяй, дасягнутыя ў мінулым годзе, дазволілі беларускім нафтаперапрацоўчым заводам атрымаць добрыя фінансавыя вынікі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын на нарадзе, прысвечанай вынікам і планам работы нафтаперапрацоўчай галіны, якая прайшла на «Нафтане».
“У мінулым годзе, скажам так, урадам нашай краіны былі прынятыя сур’ёзныя меры падтрымкі нашых НПЗ. Былі дасягнуты добрыя дамоўленасці з нашымі партнёрамі з Расійскай Федэрацыі, шэраг іншых мер, якія дазволілі стабілізаваць працу нашых НПЗ, атрымаць, на мой погляд, дастаткова нядрэнны фінансавы вынік”, — сказаў кіраўнік урада.
Нагадаем, раней беларускія чыноўнікі заяўлялі, што айчынныя НПЗ перайшлі на перапрацоўку расійскай давальніцкай сыравіны. Нафтапрадукты паступаюць у РФ, частка прадаецца на экспартных рынках. Гэта дазваляе мець рэнтабельнасць у 7–8%.
Турчын адзначыў, што хацеў бы пачуць ад прадстаўнікоў галіны, як яны будуць развіваць леташнія поспехі. Таксама нарада прысвечана інвестыцыйным праектам, у тым ліку і рэвізіі сітуацыі ў «Беларусьнафце».