Турчын даклаў Лукашэнку прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі з літоўскімі грузавікамі

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын даклаў Аляксандру Лукашэнку пра ўчарашнюю сустрэчу з літоўскімі і польскімі перавозчыкамі. Паводле яго слоў, у Лукашэнкі цяпер ёсць уся інфармацыя для прыняцця рашэння.

“Як вы ведаеце, учора гэта было ў сродках масавай інфармацыі, літоўскія і польскія перавозчыкі пісьмова звярнуліся да нашага прэзідэнта з просьбай аказаць садзейнічанне ў вырашэнні сітуацыі, што склалася. І прэзідэнт даў даручэнне ўраду сустрэцца з імі ну і абмеркаваць усе пытанні. Учора ў нас адбылася прадуктыўная сустрэча, фактычна ўсе прысутныя выказаліся, задалі свае пытанні, мы на іх адказалі.

І, скажам так, па выніках учарашняй сустрэчы ўрад пісьмова даклаў прэзідэнту вынікі, і скажам так, прапановы, як бачыць урад урэгуляванне гэтай сітуацыі. І літаральна сёння з раніцы ў мяне адбылася размова з кіраўніком дзяржавы, дзе я яшчэ раз падрабязна пра ўсё даклаў. Таму сёння прэзідэнт валодае абсалютна ўсёй інфармацыяй для таго, каб прымаць рашэнне”, – сказаў прэм’ер перад пасяджэннем прэзідыума Саўміна. Відэакаментар апублікавала прэс-служба ўрада.

Нагадаем, у мінулым годзе Літва ў адказ на пачашчаныя залёты метэазондаў кантрабандыстаў закрыла мяжу. Тады Аляксандр Лукашэнка даручыў сабраць грузавікі літоўскіх перавозчыкаў, сабраць іх на спецыяльных стаянках і спаганяць плату за стаянку. Пры гэтым ён прыгразіў канфіскаваць грузавікі. Раней літоўскія перавозчыкі заяўлялі, што чакаюць хуткага пачатку рэалізацыі гэтай пагрозы.

На ўчорашняй сустрэчы Аляксандр Турчын запэўніў, што беларускі бок не імкнецца канфіскоўваць транспартныя сродкі, а хоча дамовіцца. Пасля яе намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта абвясціў, што на працягу тыдня будзе падрыхтаваны даклад, на падставе якога будзе вызначаны памер аплаты за стаянку грузавікоў і паўпрычэпаў, а затым прымуць рашэнне, пра якое будуць паведамлены Літва і Польшча. Цікава, што 10 лістапада, каментуючы сітуацыю з грузавікамі, Аляксандр Лукашэнка ўжо называў суму аплаты. Тады гаворка ішла пра 120 еўра ў суткі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!