Тунэлепраходчы комплекс «Марыя» прыбыў у Мінск для будаўніцтва метро

Новы тунэлепраходчы механізаваны комплекс «Марыя» прыбыў у Мінск, піша Onliner. Машына будзе задзейнічана пры будаўніцтве працягу Зеленалужскай лініі метро.

«Марыя» выраблена ў Кітаі, дастаўка заняла каля месяца. З-за габарытаў асобных вузлоў і агрэгатаў абсталяванне перавозілі не па чыгунцы, а аўтакалонай з 16 машын — праз Кітай, Казахстан і Расію.

Фота: belta.by

Як паведамлялі «Мінск-Навіны», па сваіх характарыстыках «Марыя» крыху кампактнейшая за ўжо працуючую ў Мінску «Алесю»: даўжыня новай машыны складае 90 метраў, вага — 500 тон, тады як «Алеся» на 50 тон цяжэйшая і на 10 метраў даўжэйшая. Дыяметр рэжучага механізму ў абедзвюх машын аднолькавы — 6 метраў. Пры гэтым дыяметр шарашак «Марыі» складае 17 дзюймаў — на 3 дзюймы больш, чым у «Алесі», што дазволіць лепш спраўляцца з цвёрдымі пародамі і агароджвальнымі канструкцыямі катлавана.

Першым заданнем комплексу стане пракладка тунэля ад плошчы Бангалор да станцыі «Юбілейная». У далейшым «Марыю» плануюць задзейнічаць на будаўніцтве тунэляў кальцавой лініі.

Зараз комплекс разгружаны, спецыялістам «Мінскметрабуда» трэба будзе сабраць шчыт у мантажна-шчытавой камеры. Звычайна гэты працэс займае ад аднаго да двух месяцаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!