Пол Томас Андэрсан на 98-й цырымоніі "Оскар". Фота: Mike Blake/Reuters.
У Лос-Анджэлесе падвялі вынікі 98-й прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”. Галоўным героем вечара стала карціна “Бітва за бітвай”, якая забрала ўзнагароды ў ключавых катэгорыях: “Найлепшы фільм”, “Найлепшая рэжысура” (Пол Томас Андэрсан), “Найлепшы мантаж” і “Найлепшы кастынг”. Шон Пэн быў прызнаны “Найлепшым акцёрам другога плана” за ролю ў гэтым жа фільме. “Найлепшай актрысай другога плана” стала Эмі Мэдыган за ролю ў стужцы “Зброя”.
Акцёрскія намінацыі (галоўныя ролі) размеркаваліся наступным чынам: “Найлепшую жаночую ролю” атрымала Джэсі Баклі за працу ў фільме “Хамнет: Гісторыя, якая натхніла Гамлета”.
Ні Цімаці Шаламе, ні Леанарда ды Капрыа не ўзялі ўзнагароды за свае ролі ў карцінах “Марці Цудоўны” і – адпаведна – “Бітва за бітвай”. “Найлепшую мужчынскую ролю” забраў Майкл Б. Джордан (фільм “Грэшнікі”).
Нагадаем, што актор сыграў у гэтым вампірскім музычным трылеры жахаў братоў-блізнятаў.
Варта адзначыць, што “Грэшнікі”, які дамінаваў у тэхнічных катэгорыях, забраў узнагароды за аператарскую працу, саўндтрэк і арыгінальны сцэнарый. Але “Найлепшыя візуальныя эфекты” атрымаў фільм “Аватар: Полымя і попел”.
Важнай падзеяй цырымоніі стала перамога ў катэгорыі “Найлепшы дакументальны фільм” стужкі “Спадар Ніхто супраць Пуціна”. Фільм створаны амерыканскім рэжысёрам Дэвідам Барэнштайнам і відэаграфам з расійскага горада Карабаш Паўлам Таланкіным. У карціне сабрана хроніка індактрынацыі дзяцей і падлеткаў падчас «Размоў пра важнае» і іншых «патрыятычных» мерапрыемстваў у сучаснай Расіі. Фільм дэманструе, як працуе дзяржаўная прапаганда ў краіне.
“Найлепшым міжнародным фільмам” была названа нарвежская стужка “Сентыментальная каштоўнасць” Ёакіма Трыера.
Трыумфатарамі ў анімацыі сталі “Кей-поп-паляўнічыя на дэманаў” (рэжысёры Мэгі Канг, Крыс Эплханс і Мішэль Л.М. Вонг) — яны забралі ўзнагароду як за “Найлепшы анімацыйны фільм”, так і за “Найлепшую песню” – “Golden”.
Глядзець усе ўзнагароды “Оскара-2026” можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram