Тром польскім святарам адмовілі ў падаўжэнні дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі

Трое польскіх каталіцкіх святароў будуць вымушаныя пакінуць Беларусь пасля таго, як упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адмовіў ім у падаўжэнні дазволу на рэлігійную дзейнасць. Як паведамляе «Хрысціянская візія», яны павінны з’ехаць з краіны ўжо ў маі 2026 года.

Гаворка ідзе пра сальватарыянца ксяндза Станіслава Мжыглуда, шматгадовага настаяцеля парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе, салетынца Зянона Шчанхора, які праслужыў у Беларусі больш за 35 гадоў і да апошняга часу займаў пасаду вікарыя парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах Браслаўскага раёна, а таксама францысканца айца Вальдэмара Куяву, вікарыя парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна.

Пры гэтым некаторыя іншыя польскія святары атрымалі дазвол на падаўжэнне служэння ў Віцебскай дыяцэзіі на бліжэйшыя паўгода, адзначае рэсурс.

Раней стала вядома, што два польскія святары Пінскай дыяцэзіі таксама не атрымалі дазволу на далейшае служэнне і пакінулі Беларусь.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!