Трэці энергаблок БелАЭС плануюць увесці паміж 2035 і 2038 гадамі

Трэці энергаблок БелАЭС можа ўступіць у строй праз 10 гадоў. Пра гэта перад пачаткам выязнога пасяджэння савета Палаты прадстаўнікоў паведаміў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз. Паводле яго слоў, айчынная энергасістэма будзе гатовая да інтэграцыі блока да 2035 года.

Міністр адзначыў, што ідзе падрыхтоўка рамкавага пагаднення з «Расатамам».

«На дадзены момант мы актыўна працуем над падрыхтоўкай рамкавага пагаднення, якое вызначыць асноўныя ўмовы і параметры будаўніцтва трэцяга энергаблока. Могу сказаць, што цяпер абмяркоўваецца варыянт узвядзення гэтага блока ў выглядзе поўнай копіі ўжо дзеючых на Беларускай АЭС, гэта значыць гаворка ідзе пра энергаблок магутнасцю 1200 МВт», — цытуе міністра БелТА.

Тэрміны ўводу энергаблока яшчэ не зацверджаны.

«Аднак мы ўжо фіксуем адну важную кропку: беларуская энергасістэма будзе гатовая да інтэграцыі яшчэ аднаго блока да 2035 года. У межах цяперашніх дыскусій разглядаецца перыяд уводу трэцяга энергаблока — прыблізна паміж 2035 і 2038 гадамі», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, энергаблок плануецца пабудаваць у межах існуючай пляцоўкі БелАЭС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!