Скриншот видео
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што перамовы з Іранам працягваюцца. Паводле яго слоў, ён таксама дамогся запэўненняў аб спыненні агню з боку Ізраіля і «Хезбалы».
«Перамовы з Ісламскай Рэспублікай Іран працягваюцца хуткімі тэмпамі. Дзякуй за вашу ўвагу да гэтага пытання!» — напісаў Трамп у сетцы Truth Social.
«Сёння я пагаварыў з Бібі Нетаньяху, папрасіўшы яго не праводзіць буйны рэйд у Бейруце, Ліван. Ён разгарнуў свае войскі назад. Дзякуй, Бібі! Я таксама пагаварыў з прадстаўнікамі лідараў “Хезбалы”, і яны пагадзіліся спыніць абстрэлы Ізраіля і яго салдат. Ізраіль, у сваю чаргу, пагадзіўся спыніць абстрэлы Лівана. Паглядзім, як доўга гэта працягнецца — спадзяюся, вечна!» — гаворыцца яшчэ ў адным допісе Трампа.
Раней у панядзелак іранскае агенцтва Tasnim паведаміла, што перамоўная група Тэгерана спыняе ўсе кантакты са ЗША праз пасярэднікаў з-за атак на Ліван.
У сваю чаргу Нетаньяху заявіў, што размаўляў з Трампам і папярэдзіў, што калі «Хезбала» не спыніць нападаць на Ізраіль, то будуць нанесены ўдары па Бейруце.
Каціроўка найбліжэйшага ф’ючарса на нафту маркі Brent на фоне ўчарашніх паведамленняў іранскіх СМІ падскочыла з 93 да амаль 98 долараў, аднак пасля допісаў Трампа пачала зніжацца. Сёння раніцай ф’ючарс гандлюецца ў раёне 94 долараў за барэль.