Фото: ГСЧС Украины
Сёння ноччу Расія нанесла новы масіраваны ўдар па Украіне. Расійскі бок ужыў дроны, крылатыя і балістычныя ракеты. Пад ударам былі Кіеў, Харкаў, Дняпро, Сумы і Запарожжа.
Польшча на фоне атакі падымала ў паветра знішчальнікі і павышала гатоўнасць СПА.
Паводле паведамлення ДзСНС Украіны, у Кіеве загінулі 4 чалавекі, пацярпелі 58 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Зафіксавана траплянне ў 9-павярховы жылы дом, у якім адбылося частковае абрушэнне канструкцый, пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.
У яшчэ адной дзевяціпавярхоўцы пашкоджаны фасад і дах. У іншым раёне ўзніклі пажары ў 20- і 24-павярховых дамах. Таксама ёсць разбурэнні на адным з рынкаў. У горадзе гарэлі аўтамабілі і будынкі.
Ужо раніцай РФ паўторна атакавала Кіеў балістычнымі ракетамі.
У Харкаве гарэлі жылыя будынкі, гаспадарчыя пабудовы, гаражы, аўтамабілі, пашкоджаны шматпавярховікі і прыватныя дамы. Паводле папярэдніх даных, пацярпелі 14 чалавек, у тым ліку адно дзіця.
У Днепрапятроўскай вобласці загінулі 6 чалавек, у тым ліку адзін ратавальнік, 36 атрымалі раненні. Паведамляецца, што часткова разбураны 2- і 4-павярховыя жылыя дамы, прадпрыемства, гаражы і аўтамабілі. Пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца, пад заваламі могуць заставацца людзі.