Трамп загадаў блакаваць танкеры, што накіроўваюцца ў Венесуэлу

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў новы крок у эскалацыі напружанасці вакол Венесуэлы. Ён загадаў блакаваць падсанкцыйныя танкеры, што накіроўваюцца ў Венесуэлу, а таксама з яе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Трампа ў сацсетцы TruthSocial.

Паводле яго слоў, Венесуэла цяпер цалкам акружаная.

«Венесуэла цалкам акружаная найбуйнейшай армадай, калі-небудзь сабранай у гісторыі Паўднёвай Амерыкі. Яна будзе толькі расці, і шок для іх будзе небачаны дасюль, пакуль яны не вернуць Злучаным Штатам Амерыкі ўсю нафту, зямлю і іншыя актывы, якія яны раней скралі ў нас. Незаконны рэжым Мадуры выкарыстоўвае нафту з гэтых скрадзеных радовішчаў для фінансавання сябе, наркатэрарызму, гандлю людзьмі, забойстваў і выкраданняў», — напісаў ён.

Амерыканскі прэзідэнт таксама паведаміў пра загад блакаваць танкеры. Нагадаем, раней ЗША захапілі судна з грузам венесуэльскай нафты.

«За крадзеж нашых актываў і па многіх іншых прычынах, уключаючы тэрарызм, кантрабанду наркотыкаў і гандаль людзьмі, венесуэльскі рэжым быў абвешчаны ЗАМЕЖНАЙ ТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АРГАНІЗАЦЫЯЙ. Таму сёння я аддаю загад аб ПОЎНАЙ БЛАКАДЗЕ ЎСІХ САНКЦЫЯНАВАНЫХ НАФТАВЫХ ТАНКЕРАЎ, што накіроўваюцца ў Венесуэлу і з Венесуэлы.

Нелегальныя імігранты і злачынцы, якіх рэжым Мадуры ўвёў у Злучаныя Штаты падчас слабой і некампетэнтнай адміністрацыі Байдэна, хутка вяртаюцца ў Венесуэлу. Амерыка не дазволіць злачынцам, тэрарыстам або іншым краінам рабаваць, пагражаць або наносіць шкоду нашай краіне, і гэтак жа не дазволіць варожаму рэжыму забіраць нашу нафту, зямлю або любыя іншыя актывы, якія павінны быць неадкладна вернутыя Злучаным Штатам. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытання!», — падсумаваў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!