Трамп абвясціў пра трохдзённае перамір’е паміж Украінай і Расіяй

Галоўнае
Дональд Трамп. Фото: truthsocial.com/@realDonaldTrump

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра спыненне агню паміж Украінай і Расіяй 9, 10 і 11 мая. Паводле яго слоў, згоду на гэта далі і Уладзімір Зяленскі, і Уладзімір Пуцін. Баявыя дзеянні будуць прыпыненыя на тры дні, бакі правядуць абмен палоннымі 1000 на 1000.

«Я рады абвясціць, што ў вайне паміж Расіяй і Украінай будзе абвешчана ТРОХДЗЁННАЕ СПЫНЕННЕ АГНЮ (9, 10 і 11 мая). Гэта звязана са святкаваннем Дня Перамогі ў Расіі, але таксама і ва Украіне, таму што яна таксама была вялікай часткай і важным фактарам Другой сусветнай вайны. Гэта спыненне агню будзе ўключаць прыпыненне ўсіх баявых дзеянняў, а таксама абмен палоннымі — па 1000 палонных з кожнага боку.

Гэтая просьба была непасрэдна агучаная мной, і я вельмі цаню згоду прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Спадзяюся, гэта пачатак канца вельмі доўгай, смяротнай і жорсткай вайны», — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.

Прэзідэнт ЗША дадаў, што перамовы аб завяршэнні вайны працягваюцца.

«Перамовы аб спыненні гэтага буйнога канфлікту, самага маштабнага з часоў Другой сусветнай вайны, працягваюцца, і мы з кожным днём усё бліжэй і бліжэй да мэты. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытання!» — напісаў Трамп.

Нагадаем, Расія ў аднабаковым парадку абвясціла пра спыненне агню з поўначы 8 мая да 10 мая. Украіна прапаноўвала спыненне агню з 6 мая, Расія працягнула атакі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.