Трамп абвясціў пра будаўніцтва новых лінкораў — «залатога флоту»

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сядзібе Мар-а-Лага абвясціў пра будаўніцтва «залатога флоту». Злучаныя Штаты збіраюцца пабудаваць два новыя лінкоры.

«Сардэчна запрашаем у Мар-а-Лага на гэта захапляльнае аб’яўленне пра новы залаты флот. Мы называем яго залатым флотам, які мы будуем для ВМС ЗША. Як вы ведаеце, нам адчайна патрэбныя караблі. Нашы караблі, некаторыя з іх састарэлі, знасіліся і выйшлі са строю, і мы збіраемся ісці ў зусім процілеглым напрамку», — сказаў ён.

«Як для галоўнакамандуючага для мяне вялікі гонар абвясціць, што я зацвердзіў план пачатку будаўніцтва двух зусім новых, вельмі вялікіх, самых вялікіх лінкораў, якія мы калі-небудзь будавалі», — працягнуў ён.

Трамп нагадаў, што раней ЗША будавалі лінкоры, напрыклад, «Аёву», «Місуры», і яны нават былі большымі, чым новыя караблі, але новыя будуць у 100 разоў магутнейшымі. Паводле яго слоў, новыя лінкоры дапамогуць падтрымліваць амерыканскую ваенную перавагу, адродзяць суднабудаванне і будуць усяляць страх у ворагаў па ўсім свеце.

«Мы хочам павагі. Мы яе атрымаем. Мы ўжо яе атрымалі. Нас цяпер паважаюць больш, чым калі-небудзь. Паўтара года таму яны смяяліся з нас. Цяпер яны зноў паважаюць нас на такім узроўні, на якім ніколі раней не паважалі. Мы мяркуем, што гэтых двух караблёў — мы гаворым пра дзесяць, але пачнём з двух і хутка ператворым іх у дзесяць. У канчатковым выніку мы думаем, што іх будзе ад 20 да 25», — сказаў Трамп.

Ён адзначыў, што новыя караблі будуць мець водазмяшчэнне 30–40 тыс. т. Яны стануць флагманамі ВМС. Для параўнання: легендарны «Місуры» меў водазмяшчэнне 57 тыс. т. Новыя лінкоры таксама будуць мець самыя сучасныя сістэмы ўзбраення.

«Лінкоры будуць узброеныя толькі гарматамі і ракетамі на самым высокім узроўні. У іх таксама будзе гіпергукавая зброя, шмат гіпергукавой зброі, сучасныя электрычныя рэйкавыя гарматы і нават магутныя лазеры, пра якія вы пачалі чытаць. У нас ёсць лазеры, якія наводзяцца на мэту і проста знішчаюць яе. У нас будуць самыя дасканалыя лазеры ў свеце, і самы дасканалы лазер у свеце будзе ўсталяваны на лінкорах, якія мы будуем.

Яны таксама будуць несці ядзерную зброю — крылатыя ракеты марскога базіравання, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў распрацоўцы, якія будуць уведзеныя ў эксплуатацыю даволі хутка, але яны знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і даказалі сваю надзвычайную смяротную сілу.

ВМС ЗША ўзначаляць праектаванне гэтых караблёў разам са мной, бо я вельмі эстэтычны чалавек, разам з нашымі партнёрамі ў амерыканскай прамысловасці», — распавёў Трамп.

Паводле яго слоў, у сістэмах кіравання лінкорамі будзе прымяняцца ШІ. Трамп санкцыянаваў выдзяленне 26 млрд долараў на будаўніцтва новых караблёў. Ён таксама анансаваў будаўніцтва яшчэ 15 новых падводных лодак, акрамя таго, будуюцца тры новыя авіяносцы.

Амерыканскае Міністэрства вайны апублікавала меркаваную выява першага лінкора ў серыі USS Defiant. У прэс-рэлізе Пентагона паведамляецца, што завяршэнне яго будаўніцтва плануецца на пачатак наступнага дзесяцігоддзя.

Нагадаем, лінкоры тыпу «Аёва» будаваліся ў часы Другой сусветнай вайны. У 80-я гады яны прайшлі мадэрнізацыю, атрымалі на ўзбраенне крылатыя ракеты «Тамагаўк», супрацькарабельныя ракеты «Гарпун». Усе яны былі выведзеныя са складу флоту ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Апошнім баявым прымяненнем стала аперацыя ў Персідскім заліве.

Выява: Пентагон
Выява: Пентагон
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!