Трамп абвясціў фентаніл зброяй масавага знішчэння

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, якім абвясціў «незаконны фентаніл і яго асноўны прэкурсор зброяй масавага знішчэння».

Указам прадпісана генеральнаму пракурору неадкладна распачынаць крымінальныя справы, узмацняць пакаранні і змяняць прысуды па справах аб незаконным абароце фентанілу.

Дзяржсакратар і міністр фінансаў павінны прыняць адпаведныя меры ў дачыненні да актываў і фінансавых устаноў, датычных да вытворчасці, распаўсюджвання і продажу незаконнага фентанілу і яго асноўных прэкурсораў.

Дакумент таксама прадугледжвае магчымасць прыцягнення вайскоўцаў для забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў надзвычайнай сітуацыі, звязанай з ужываннем зброі масавага знішчэння.

Пентагон павінен будзе абнавіць дырэктывы, што тычацца рэагавання на хімічныя інцыдэнты, і ўключыць у іх пагрозу фентанілу.

Міністру ўнутранай бяспекі прадпісана выяўляць сеткі кантрабанды фентанілу, выкарыстоўваючы выведвальныя даныя аб пагрозах, звязаных са ЗМЗ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!