Еўрапейскія лідары прынялі заяву аб гарантыях бяспекі і мерах падтрымкі Украіны

Еўрапейскія лідары прынялі заяву аб гарантыях бяспекі і мерах падтрымкі Украіны. Яна падпісаная кіраўнікамі ўрадаў Германіі, Даніі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, Вялікабрытаніі, прэзідэнтам Фінляндыі, старшынямі Еўрапейскай рады і Еўрапейскай камісіі. Заява застаецца адкрытай для далучэння іншых краін.

У ёй вітаецца “значны прагрэс у намаганнях прэзідэнта Трампа па забеспячэнні справядлівага і трывалага міру ва Украіне”, “цеснае супрацоўніцтва паміж камандамі прэзідэнта Зяленскага і прэзідэнта Трампа, а таксама еўрапейскімі камандамі ў апошнія дні і тыдні”. Еўрапейскія лідары канстатавалі, што дамовіліся працаваць з прэзідэнтамі ЗША і Украіны дзеля дасягнення трывалага міру, які захавае суверэнітэт Украіны і бяспеку Еўропы.

Яны таксама пагадзіліся з тым, што падтрыманне бяспекі, суверэнітэту і дабрабыту Украіны мае ключавое значэнне для шырэйшай еўраатлантычнай бяспекі. У заяве гаворыцца, што Украіна і яе народ заслугоўваюць заможнай, незалежнай і суверэннай будучыні, свабоднай ад страху перад будучай расійскай агрэсіяй.

“Лідары ЗША і Еўропы ўзялі на сябе абавязацельства супрацоўнічаць у забеспячэнні надзейных гарантый бяспекі і мер падтрымкі эканамічнага аднаўлення Украіны ў кантэксце пагаднення аб спыненні вайны”, — гаворыцца ў заяве.

Дадзеная пазіцыя ўключае наступныя абавязацельствы:

  • Аказваць Украіне пастаянную і істотную падтрымку ў нарошчванні яе ўзброеных сіл, колькасць якіх у мірны час павінна заставацца на ўзроўні 800 тыс. чалавек, каб мець магчымасць стрымліваць канфлікты і абараняць тэрыторыю Украіны.
  • Кіраваныя Еўропай «шматнацыянальныя сілы Украіны», сфармаваныя з унёску зацікаўленых краін у межах Кааліцыі жадаючых і падтрыманыя ЗША, будуць садзейнічаць аднаўленню ўкраінскіх узброеных сіл, падтрыманню бяспекі ўкраінскай паветранай прасторы і падтрыманню бяспекі на моры, у тым ліку шляхам правядзення аперацый на тэрыторыі Украіны.
  • Механізм маніторынгу і праверкі спынення агню пад кіраўніцтвам ЗША з удзелам міжнароднай супольнасці для папярэджання аб любых будучых нападах, вызначэння прычын і рэагавання на любыя парушэнні, а таксама механізм прадухілення канфліктаў для распрацоўкі ўзаемных мер па дээскалацыі, якія могуць быць прынятыя ў інтарэсах усіх бакоў.
  • Юрыдычна абавязковае абавязацельства, рэгуляванае нацыянальнымі працэдурамі, прыняць меры па аднаўленні міру і бяспекі ў выпадку будучага ўзброенага нападу. Гэтыя меры могуць уключаць ужыванне ўзброеных сіл, разведвальную і матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, эканамічныя і дыпламатычныя дзеянні.
  • Інвестыцыі ў будучыню дабрабыту Украіны, уключаючы выдзяленне значных рэсурсаў на аднаўленне і рэканструкцыю, узаемавыгадныя гандлёвыя пагадненні і ўлік неабходнасці кампенсацыі Украіне з боку Расіі за нанесеную шкоду. У гэтым кантэксце расійскія суверэнныя актывы ў Еўрапейскім саюзе былі замарожаныя.
  • Рашучая падтрымка ўступлення Украіны ў Еўрапейскі саюз.

Таксама ў заяве гаворыцца, што лідары падтрымаюць прэзідэнта Украіны ў любых яго канчатковых рашэннях па канкрэтных украінскіх пытаннях.

“Яны пацвердзілі, што міжнародныя межы не павінны змяняцца сілай. Рашэнні па тэрыторыі прымаюцца народам Украіны пасля таго, як будуць фактычна забяспечаныя надзейныя гарантыі бяспекі. Яны пагадзіліся з тым, што некаторыя пытанні неабходна будзе вырашыць на заключным этапе перамоваў. Яны падкрэслілі, што падтрымаюць прэзідэнта Зяленскага ў пытанні кансультацый з народам у выпадку неабходнасці”, — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама адзначаецца, што любое пагадненне павінна абараняць доўгатэрміновую бяспеку і адзінства еўраатлантычнага рэгіёна, а таксама ролю НАТА ў забеспячэнні надзейнага стрымлівання. Любыя элементы пагаднення, якія закранаюць ЕС і НАТА, павінны абмяркоўвацца з членамі ЕС і НАТА.

“Цяпер Расіі неабходна праявіць гатоўнасць працаваць над дасягненнем трывалага міру, пагадзіўшыся з мірным планам прэзідэнта Трампа, і прадэманстраваць сваю прыхільнасць спыненню баявых дзеянняў, пагадзіўшыся на спыненне агню. Лідары дамовіліся працягваць узмацняць ціск на Расію, каб заахвоціць Маскву да сур’ёзных перамоваў”, — гаворыцца ў заяве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!