Латвія пашырыла забарону на імпарт беларускіх прадуктаў

Латвія пашырыла спіс прадуктаў, імпарт якіх з Беларусі і Расіі забаронены. Адпаведныя папраўкі былі ўхвалены ўрадам Латвіі 4 жніўня.

Да гэтага часу забарона распаўсюджвалася на збожжавыя, гародніну, садавіну і некаторыя віды кармоў. У абноўлены пералік уключаны жывыя жывёлы, рыба, рыбная прадукцыя, малочная прадукцыя, прадукцыя мукамольнай прамысловасці, насенне алейных культур, мясная прадукцыя, прадукты перапрацоўкі гародніны і садавіны, усе віды кармавой прадукцыі, кава, чай, спецыі, цукар, асобныя віды жывёльных і раслінных тлушчаў і алеяў.

«Пералік забароненай прадукцыі быў пашыраны, паколькі дадзеныя знешняга гандлю сведчаць, што і ў 2026 годзе ў Латвію з Расіі і Беларусі працягваюць імпартавацца некалькі груп сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, на якія раней забарона не распаўсюджвалася.

Паводле гэтых дадзеных, у студзені–ліпені 2026 года з Расіі і Беларусі былі імпартаваныя сельскагаспадарчая прадукцыя, кармы і прадукты харчавання на суму 24,9 млн еўра. З гэтай сумы кошт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў склаў 18,3 млн еўра, а розных прадуктаў харчавання — 6,6 млн еўра», — паведамляе прэс-служба латвійскага ўрада.

Нагадаем, Латвія забараніла імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі ў 2024 годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!