Тэлеграм-акаўнт прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай спрабавалі ўзламаць
Рэдакцыя Reform.news · 16 лістапада 2026, 17:40
https://reform.news/be/tjelegram-aka-nt-prjes-sakratara-svjatlany-cihano-skaj-sprabavali-zlamac/Невядомыя спрабавалі ўзламаць тэлеграм-акаўнты прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай. Масавыя спробы ўзлому фіксуюцца з 8 лістапада. 16 лістапада да акаўнта Красулінай на 4 хвіліны падключылася старонняя прылада.
«З 8 лістапада былі зафіксаваныя масавыя спробы ўзламаць акаўнты прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай у Telegram. Нашы тэхнічныя спецыялісты знаходзяцца на сувязі з Ганнай з першых гадзін атакі. У Telegram Ганны ўключаная двухфактарная аўтэнтыфікацыя (2FA)», — паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Сёння, 16 лістапада, да тэлеграм-акаўнта Красулінай на 4 хвіліны падключылася старонняя прылада. Яна была адключаная. Цяпер Ганна цалкам кантралюе доступ да акаўнта.
Усе актыўныя сесіі завершаныя, пароль і воблачны пароль двухфактарнай аўтэнтыфікацыі змененыя, правераныя іншыя акаўнты Красулінай, заяўляе служба тэхнічнай бяспекі Офіса.
Папярэдне, падключэнне стала магчымым у выніку перахопу сесіі. Якім чынам гэта было зроблена, пакуль невядома. Праводзіцца ўнутранае расследаванне.
Служба тэхнічнай бяспекі Офіса накіравала запыт у Telegram з просьбай даць падрабязную інфармацыю аб актыўнасці ў акаўнце.
