Сырскі: Украіна збіраецца стварыць новыя брыгады праз пагрозу наступлення з тэрыторыі Беларусі

Украіна збіраецца стварыць новыя брыгады на фоне пашырэння актыўных дзеянняў Расіі на Паўночным напрамку і планаў РФ павялічыць лінію актыўнага фронту на 160 км.

Паводле слоў галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага, не дасягнуўшы поспеху на асноўных напрамках, Расія спрабуе пашырыць актыўныя дзеянні на поўначы Украіны. У гэтых умовах Украіне неабходна не папаўняць ужо існыя брыгады, а ствараць новыя, лічыць ён.

«Калі павялічыць колькасць брыгады, ад гэтага не павялічыцца працягласць лініі фронту, на якой яна можа прымяняцца», — заявіў Сырскі ў каментары Liga.net.

Галоўнакамандуючы УСУ звярнуў увагу на спецыфіку лініі фронту цяпер: яна істотна павялічылася ў глыбіню.

«Таму, калі фронт расце ў шырыню і ў глыбіню, арыфметыка няўмольная: патрэбны новыя воінскія часці», — растлумачыў Сырскі.

Нагадаем, 16 чэрвеня Сырскі заявіў пра ўзмацненне абароны дзяржаўнай мяжы на паўночным напрамку і стварэнне новых падраздзяленняў беспілотнікаў на гэтым участку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!