Сырскі: Беларусь уключала адзін рэтранслятар

Адзін з рэтранслятараў для кіравання расійскімі дронамі нядаўна ўключаўся на тэрыторыі Беларусі, але Украіна лічыць, што больш такога не адбудзецца. Пра гэта ў інтэрв’ю ТСН 30 чэрвеня заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

«Яны [рэтранслятары — заўв. Reform.news] яшчэ не дэмантаваныя. Учора было ўключэнне аднаго рэтранслятара. Я думаю, што яны больш не будуць іх уключаць», — заявіў Сырскі.

«Гэта фізічна ў іх не атрымаецца?» — удакладніў вядучы.

«Ну я ж не магу вам усё расказаць, — засмяяўся Сырскі. — Я думаю, яны ўсведамляюць, што гэтага не трэба рабіць, скажам так».

Сырскі адзначыў, што ва Украіны ёсць усё, каб не баяцца дзеянняў з тэрыторыі Беларусі і зрабіць немагчымымі палёты расійскіх беспілотнікаў уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы.

Нагадаем, 19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама. На мінулым тыдні Зяленскі заявіў, што рэтранслятары былі выключаныя 22 чэрвеня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!