Сына беларускага прапаведніка Сяргея Мельянца затрымалі польскія памежнікі

Старэйшы сын былога беларускага палітвязня і хрысціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца затрыманы польскімі памежнікамі. Пра гэта сам Мельянец напісаў у Facebook.

Паводле яго слоў, памежнікі прыехалі да сына Івана ў кватэру, сказалі падпісаць дакументы, сабраць рэчы і ісці за імі.

Сын паспеў патэлефанаваць бацьку, пасля чаго тэлефон стаў недаступны. Юрыст пазней знайшла маладога чалавека на базе памежнай службы ў варшаўскім аэрапорце Шапэна.

“Яго хочуць пакінуць там на ноч (паводле слоў юрыста — там няма ні ежы, ні ўмоў). А працэсуальныя дзеянні пачаць заўтра. А потым варыянты: або адпусцяць з прадпісаннем пакінуць Польшчу, або неадкладная дэпартацыя ў Беларусь або змяшчэнне ў лагер для тых, каго ў бліжэйшы час дэпартуюць”, — расказаў Сяргей.

Мельянец прыехаў у аэрапорт, аднак убачыць сына яму нельга.

«Сяджу ў аэрапорце, чакаю навін. Малюся», — напісаў ён.

Сяргей Мельянец быў затрыманы ў сакавіку 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе, куды прыйшоў падтрымаць журналіста Ігара Карнея. Пасля двух тэрмінаў адміністрацыйнага арышту ён выйшаў на волю і праз некаторы час разам з сям’ёй выехаў у Польшчу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!