Святлана Ціханоўская: Маё сэрца з усімі пацярпелымі і іх роднымі

Святлана Ціханоўская назвала пацярпелых пры ўдары беспілотніка па аўтобусе ў Бранскай вобласці нявіннымі ахвярамі і ўсклала адказнасць за сітуацыю на Расію, бо менавіта гэтая краіна пачала вайну.

«Маё сэрца з усімі пацярпелымі і іх роднымі. Дзеці і дарослыя, якія былі побач з імі, — нявінныя ахвяры», — заявіла Ціханоўская.

Яна ўсклала адказнасць за тое, што здарылася, на Расію як агрэсара, а таксама на прадстаўнікоў дзяржавы, якія адправілі дзяцей праз небяспечную зону.

«Гэтую вайну пачала Расія. Яна — агрэсар, і менавіта яна нясе галоўную адказнасць за кожную смерць і кожнае раненне, звязаныя з гэтай вайной. Але вінаватыя і тыя прадстаўнікі дзяржавы, якія безадказна адправілі дзяцей праз прыгранічную зону ваенных дзеянняў.

Гэта не «выпадковасць», а канкрэтнае рашэнне канкрэтных людзей пры ўладзе, якія абыякава паставіліся да таго, як дзеці будуць дабірацца на адпачынак. І вінаватая беларуская дзяржаўная прапаганда, якая гадамі замоўчвае праўду пра вайну і саўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі, каб стварыць фальшывую карцінку «мірнага неба» і бяспекі», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала беларусаў берагчы сябе і блізкіх і не ездзіць у Расію.

«Бяспека наступіць толькі тады, калі Расія спыніць гэтую вайну», — падкрэсліла яна.

Нагадаем, аўтобус з 44 пасажырамі, сярод якіх было 28 дзяцей, трапіў пад удар беспілотніка ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня. Следчы камітэт РФ заявіў, што дрон быў украінскім.

У аўтобусе на адпачынак у Геленджык ехала дзіцячая футбольная каманда ДЮСШ-2 Рэчыцы. У выніку ўдару загінула жанчына, якая суправаджала каманду. Шпіталізаваныя сем чалавек, у тым ліку пяць дзяцей. У іх асколачныя раненні. Адно дзіця знаходзіцца ў цяжкім стане.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!