Сусветныя ваенныя выдаткі ў 2025 годзе выраслі на 2,9% — SIPRI

Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) апублікаваў штогадовую справаздачу аб ваенных выдатках. Яны працягнулі расці.

Паводле дадзеных SIPRI, у мінулым годзе ваенныя выдаткі выраслі на 2,9% і дасягнулі 2,887 трлн долараў. Паказчык расце 11 гадоў запар. Разам з тым тэмпы росту зменшыліся. За 2024 год ваенныя выдаткі выраслі на 9,7%. Доля ваенных выдаткаў у сусветным ВУП дасягнула 2,5%. Гэта самы высокі ўзровень з 2009 года.

На тэмпы росту ваенных выдаткаў у свеце паўплывала іх зніжэнне ў ЗША. Без уліку Злучаных Штатаў ваенныя выдаткі павялічыліся на 9,2%.

ЗША патрацілі ў мінулым годзе на ваенныя мэты 954 млрд долараў, што на 7,5% менш, чым у 2024-м. Зніжэнне SIPRI звязвае з тым, што ў 2025 годзе Украіне не выдзялялася ваенная дапамога. Пры гэтым ЗША павялічылі інвестыцыі як у ядзерны, так і ў звычайны ваенны патэнцыял. Аўтары справаздачы лічаць, што зніжэнне амерыканскіх ваенных выдаткаў з’яўляецца часовым.

Ваенныя выдаткі Кітая ацэньваюцца ў 336 млрд долараў. Яны выраслі на 7,4%. Расія павялічыла іх на 5,9% да 190 млрд долараў.

Значны прырост ваенных выдаткаў адзначаўся ў Германіі. Яны выраслі на 24% да 114 млрд долараў. Украіна нарасціла выдаткі на 20%. Яны ацэньваюцца ў 84,1 млрд долараў.

29 еўрапейскіх членаў НАТА ў мінулым годзе патрацілі на ваенныя патрэбы 559 млрд долараў. Пры гэтым 22 краіны трацілі на іх не менш за 2% ВУП. Узровень ваенных выдаткаў у Германіі дасягнуў у мінулым годзе 2,3% ВУП.

Іспанія нарасціла выдаткі на 50% да 40,2 млрд долараў і таксама перавысіла ўзровень у 2%.

Ваенныя выдаткі Ізраіля ў мінулым годзе скараціліся на 4,9% да 48,3 млрд долараў, што адлюстроўвала зніжэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў у сектары Газа.

Выдаткі Ірана на ваенныя патрэбы ацэньваюцца ў 7,4 млрд долараў. Яны ў мінулым годзе скараціліся на 5,6%.

Ваенныя выдаткі Японіі выраслі на 9,7% і дасягнулі 62,2 млрд долараў у 2025 годзе, што эквівалентна 1,4% ВУП — гэта самы высокі паказчык з 1958 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!