Суд ЕС адмяніў санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева

Суд агульнай юрысдыкцыі Еўрапейскага саюза 13 мая адмяніў санкцыі ЕС супраць расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцэрыева (Mikail Safarbekovich Gutseriev), уведзеныя ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і падтрымкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Суд пастанавіў, што Савет ЕС не прадставіў дастатковых доказаў таго, што ў 2025 годзе Гуцэрыеў працягваў падтрымліваць беларускія ўлады або атрымліваць выгаду ад сувязяў з імі.

Гуцэрыеў знаходзіўся пад санкцыямі ЕС з 2021 года. Брусель сцвярджаў, што бізнесмен быў блізкі да Лукашэнкі, меў значныя інтарэсы ў Беларусі ў сферах энергетыкі, калійнай прамысловасці і нерухомасці, а таксама падтрымліваў беларускі рэжым палітычна і эканамічна.

У рашэнні суда гаворыцца, што Савет ЕС абапіраўся галоўным чынам на састарэлыя факты і не правёў належнай пераацэнкі становішча бізнесмена перад падаўжэннем санкцый у лютым 2025 года. Суд адзначыў, што абмежавальныя меры павінны грунтавацца на актуальных і канкрэтных доказах працяглай падтрымкі рэжыму.

Адным з ключавых эпізодаў справы стаў праект Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната ў Беларусі, звязаны з кампаніяй “Слаўкалій”. Суд прызнаў пераканаўчымі доказы таго, што праект быў нацыяналізаваны беларускімі ўладамі, а структуры Гуцэрыева страцілі над ім кантроль яшчэ ў 2023 годзе.

Суд таксама адхіліў аргументы Савета ЕС аб працяглых інтарэсах бізнесмена ў беларускім нафтавым сектары. У рашэнні адзначаецца, што спасылкі на пастаўкі нафты ў Беларусь у перыяд энергетычнага канфлікту 2020 года не даказваюць наяўнасці актыўных дзелавых сувязяў у 2025 годзе.

Асобна суд разгледзеў сцвярджэнні аб асабістай блізкасці Гуцэрыева да Лукашэнкі. Суддзі прызналі, што ў мінулым паміж імі існавалі цесныя адносіны, аднак указалі, што Савет ЕС не змог даказаць захаванне гэтых сувязяў на момант падаўжэння санкцый.

Суд таксама палічыў недастатковай падставай для санкцый дапамогу Беларусі падчас пандэміі COVID-19, уключаючы пастаўкі медыцынскіх сканераў.

Суд адзначыў, што гэтыя падзеі адносяцца да 2020 года і самі па сабе не пацвярджаюць працяглую падтрымку рэжыму.

У выніковым рашэнні суд ануляваў санкцыйныя акты ЕС у частцы, якая датычыцца Гуцэрыева, і абавязаў Савет ЕС аплаціць судовыя выдаткі.

***

Нагадаем, у канцы красавіка 2026 года Гуцэрыеў прыязджаў у Беларусь і сустрэўся са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко. Бакі абмеркавалі прадастаўленне сельскагаспадарчых зямель для развіцця аграрнага бізнесу, інвестыцыі ў аграпрамысловы комплекс і развіццё фермерскіх гаспадарак.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!