Субоціна плануюць зацвердзіць міністрам па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК

Аляксандра Субоціна плануюць зацвердзіць на пасадзе міністра па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Пра гэта паведаміла журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Пяткевіч па выніках пасяджэння Савета ЕЭК, якое прайшло ў Маскве.

Паводле яе слоў, на пасяджэнні была запушчана працэдура прызначэння новага беларускага міністра ў складзе камісіі.

«Гэта Аляксандр Міхайлавіч Субоцін — на пасаду міністра па тэхнічным рэгуляванні. У нас дзве квоты двух міністраў, і вось на пасаду аднаго з іх сёння — гэтая працэдура шматпрыступкавая — сёння мы прынялі рашэнне савета, калегі падтрымалі прапанову беларускага боку аб прызначэнні новага міністра ад Рэспублікі Беларусь», — распавяла яна.

Нагадаем, двума тыднямі раней Аляксандр Субоцін быў адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама, які ён узначальваў у 2021–2026 гадах. Да гэтага ў 2020–2021 гадах Субоцін быў віцэ-прэм’ерам. Таксама за час сваёй кар’еры Субоцін паспеў двойчы пабываць памочнікам Лукашэнкі.

На «знешнім контуры» ў 2018–2020 гадах ён быў членам Калегіі (міністрам) ЕЭК па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Да гэтага ў якасці намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктара ДПВН займаўся пытаннямі ўрэгулявання спрэчак адносна паставак айчыннай прадукцыі ў Расію.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!