“Страта сёння Беларусі для Расіі непрымальная”. Лукашэнка пагражае краінам-суседзям

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю RT не абышоўся без пагроз у адрас краін-суседзяў. Як і раней, ён падкрэсліў гатоўнасць нанесці адказныя ўдары ў выпадку іх агрэсіі супраць Мінска. Паводле яго слоў, будзе ўжыты ўвесь арсенал беларускіх і расійскіх сродкаў, бо для Масквы страта Беларусі непрымальная.

“Што тычыцца Амерыкі, я не думаю, што амерыканцы ставяць сваёй мэтай ваяваць супраць Беларусі. Вось тут якраз наадварот, зыходзячы з тых кантактаў, якія я маю з блізкімі людзьмі Трампа, не толькі палітыкамі, але блізкімі людзьмі Трампа, я разумею, што нават калі амерыканцы захочуць з намі ваяваць, не дай бог, то яны будуць ваяваць з тэрыторыі балтыйскіх дзяржаў, Польшчы і гэтак далей.

Калі ўжо закранулі гэтую балючую тэму. Я ўжо кляўся сам сабе, што я не буду на гэтую тэму разважаць, але тым не менш мая задача папярэдзіць сваіх суседзяў: Эстонія, Латвія, Літва, Польшча, можа быць, у нейкай ступені Украіна – каб барані іх Бог здзейсніць агрэсію супраць Беларусі. Мы не хочам вайны, мы не збіраемся з імі ваяваць.

Ніякія войны з тэрыторыі Беларусі супраць Польшчы і Літвы немагчымыя. Мы не збіраемся гэта рабіць, калі нас не будуць уцягваць у гэтую вайну, і нам не давядзецца адказваць. Мы не хочам гэтага. Калі вы гэтага хочаце і захочаце, то мы будзем абараняцца ўсімі магчымымі, даступнымі для нас сродкамі. Гэта не значыць, што мы заўтра ж, калі пачнецца нейкае супрацьстаянне, ударыўшы ядзернай зброяй па тых краінах, праз якія або з тэрыторыі якіх будзе здзейснена на нас агрэсія. У нас дастаткова іншай зброі, каб гэтаму супрацьстаяць. Але калі мы ўбачым, што гэта будзе пагражаць існаванню Беларусі, то не толькі мы, але і згодна нашага дагавора з Расійскай Федэрацыяй, мала не падасца. І мы ўжывём усё, што ў нас ёсць.

Як вы думаеце, навошта мне было гэта тактычнае ядзернае ўзбраенне сюды завозіць і баламуціць цэлы свет і кагосьці палохаць? Ды не, гэта фактар нашай абароны, нашай бяспекі. Гэта фактар. І дадайце да таго ўсё, што ёсць у Расійскай Федэрацыі. Мы найбліжэйшыя іх саюзнікі. Страта сёння Беларусі для Расіі непрымальная. Як у нас раней казалі, значыць, вораг будзе стаяць у Смаленску, пад Масквой. Гэта для Расіі непрымальна. Ну і потым, мы саюзнікі, мы юрыдычна звязаны адзін з адным. І Расія прама заявіла, што яна ўжыве ўвесь арсенал зброі, абараняючы Беларусь.

Гэта ведае ўвесь свет. Амерыка ведае і Еўропа ведае. Таму сутыкненне з Беларуссю — гэта сутыкненне з Беларуссю і Расіяй. І створана адпаведная групоўка на захадзе Расіі, якая падтрымае беларускую армію імгненна. Ну а якая зброя ў іх, вы ведаеце? Таму мы не хочам вайны”, – сказаў Лукашэнка.

Інтэрв’юер пацікавіўся ў яго, як ён ацэньвае верагоднасць ваеннага супрацьстаяння з еўрапейскімі суседзямі.

“Не, гэта немагчыма. І, прынамсі, цяпер яны гэтага не хочуць. Як будзе заўтра — час пакажа. Таму што свет настолькі турбулентны, свет настолькі непрадказальны, што незразумела і невядома, што будзе заўтра, не тое што паслязаўтра. Сёння яны гэтага не хочуць, таму што гэта для іх дрэнна скончыцца, асабліва ў той час, калі ў іх не вельмі добрыя адносіны з Злучанымі Штатамі Амерыкі. Ім бегчы няма куды, а бегчы давядзецца. Таму яны не хочуць сутыкнення з Беларуссю і Расіяй. Ні ў якім разе. Я ў гэта не веру. Якая б там ні была рыторыка”, – сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, перспектывы НАТА не настолькі дрэнныя. Альянс уцалее.

“Не. Не. Нават калі Трамп прыме рашэнне, што НАТА ўсё, то ў яго не хопіць часу гэта ажыццявіць. Прыйдуць іншыя людзі, якія будуць ратаваць НАТА. Ды і Трамп, і яго людзі разумеюць, што НАТА — гэта не толькі боегалоўкі і грошы Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта каласальны плацдарм Злучаных Штатаў Амерыкі разам са сваімі саюзнікамі на еўразійскім кантыненце”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!