Партыя былога прэзідэнта Балгарыі перамагае на выбарах

Партыя “Прагрэсіўная Балгарыя” экс-прэзідэнта краіны Румена Радзева перамагае на парламенцкіх выбарах. Яна атрымлівае большасць у парламенце.

Паводле дадзеных ЦВК пасля апрацоўкі 91,7% бюлетэняў, яна набірае 44,7% галасоў. На другім і трэцім месцах ідуць з мінімальным разрывам правацэнтрысцкая ГЕРБ (13,4%), “Працягваем перамены – Дэмакратычная Балгарыя” (13,2%).

У парламент таксама праходзяць партыя “Адраджэнне” і “Рух за правы і свабоды”. Парог для траплення ў парламент складае 4%.

Румен Радзеў ужо абвясціў пра сваю перамогу. Ён запэўніў, што Балгарыя «прыкладе ўсе намаганні, каб працягваць свой еўрапейскі шлях», аднак, паводле яго меркавання, Балгарыі і Еўропе «патрэбны крытычнае мысленне і прагматызм». Радзеў лічыцца прарасійскім палітыкам.

“Галасавалі актыўна, перамаглі апатыю, але недавер да балгарскай палітыкі ўсё роўна вялікі, і гэта толькі першы крок да аднаўлення грамадскага кантракту. “Прагрэсіўная Балгарыя” перамагае. Гэта перамога надзеі над невер’ем, свабоды над страхам. Нарэшце гэта перамога маралі. Людзі адкінулі самазадаволенасць і пыху старых партый. Яны не паддаліся хлусні і маніпуляцыям”, – сказаў ён.

Гэта ўжо восьмыя парламенцкія выбары ў Балгарыі за апошнія пяць гадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!