Статутны фонд крыптабанкаў будзе складаць не менш за 20 млн рублёў

Статутны фонд крыптабанкаў будзе складаць не менш за 20 млн рублёў. Гэта вынікае з указа №19 ад 16 студзеня, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Асноўныя палажэнні ўступаюць у сілу праз 6 месяцаў пасля апублікавання.

Указам зацверджана Палажэнне аб дзейнасці крыптабанкаў. У ім прапісана, што заснавальнікі крыптабанка да падачы заявы аб уключэнні ў рэестр, які будзе весці Нацбанк, павінны сфармаваць статутны фонд не менш за 20 млн рублёў. Дапускаецца рэінвеставанне прыбытку іншых юрыдычных асоб. У дадатак да гэтага пасля ўключэння ў рэестр крыптабанк павінен размясціць у Нацбанку дэпазіт у памеры 10 млн рублёў.

У адпаведнасці з палажэннем, фізічныя асобы, якія займаюцца рамесніцтвам, аграэкатурызмам, а таксама самазанятыя могуць атрымліваць лічбавыя знакі (токены) на свае крыптаакаўнты ў крыптабанках у якасці аплаты ад нерэзідэнтаў.

Юрыдычныя асобы змогуць выкарыстоўваць для разлікаў токены па знешнеэканамічных дагаворах у выпадках, якія ўстановяць Савет Міністраў і Нацбанк.

Нацыянальны банк таксама будзе ўстанаўліваць лімітаваную колькасць крыптабанкаў у краіне з мэтай забеспячэння фінансавай стабільнасці, а таксама абмяжоўваць аб’ёмы аперацый, якія ажыццяўляе крыптабанк.

Крыптабанкі не будуць мець права выкарыстоўваць у сваім найменні словы «банк», «небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя». Пры гэтым крыптабанкі будуць лічыцца фінансавымі арганізацыямі ў адпаведнасці з законам «Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах».

Крыптабанкі будуць мець права без атрымання ліцэнзіі на банкаўскую дзейнасць адкрываць і весці карэспандэнцкія і іншыя рахункі, непасрэдна звязаныя з дзейнасцю крыптабанка, а таксама здзяйсняць адну або некалькі з наступных фінансавых аперацый:

  • адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб — нерэзідэнтаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб;
  • валютна-абменныя аперацыі;
  • разліковыя аперацыі;
  • іншыя банкаўскія, плацежныя і іншыя звязаныя з імі фінансавыя аперацыі, у тым ліку для ажыццяўлення якіх патрабуецца наяўнасць спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.

Пералік аперацый для кожнага крыптабанка будзе вызначаць Нацбанк пры ўключэнні яго ў рэестр. Пералік лічбавых знакаў, з якімі крыптабанк будзе мець права здзяйсняць аперацыі, будзе вызначацца рашэннем Наглядальнага савета ПВТ па ўзгадненні з Нацбанкам.

Грашовыя сродкі, размешчаныя на рахунках або ўкладах фізічных асоб — нерэзідэнтаў, у тым ліку ІП, у крыптабанкаў не будуць з’яўляцца аб’ектам гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў. Крыптабанк не будзе пералічваць абавязковыя ўзносы ў рэзерв ГУ «Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб».

Крыптабанк павінен будзе размяшчаць на сваім сайце звесткі аб рызыках укладанняў у крыптавалюту, а таксама аб тым, што на сродкі фізічных асоб у крыптабанкаў не распаўсюджваюцца гарантыі пакрыцця ўкладаў. У рэкламе крыптабанк таксама абавязаны папярэджваць пра рызыкі.

У палажэнні прапісана, што не падлягаюць разгалошванню звесткі аб рахунках, крыптаакаўнтах, укладах у лічбавых знаках (токенах) у крыптабанкаў, у тым ліку:

  • аб наяўнасці рахунку, крыптаакаўнта, укладу ў лічбавых знаках (токенах);
  • аб уладальніках, нумарах і іншых рэквізітах рахунку, крыптаакаўнта, укладу ў лічбавых знаках (токенах);
  • аб памеры сродкаў, якія знаходзяцца на рахунках, лічбавых знакаў (токенаў), размешчаных на крыптаакаўнтах, ва ўкладах у лічбавых знаках (токенах);
  • аб канкрэтных здзелках, аперацыях.

Гэтыя звесткі могуць быць прадастаўлены крыптабанкам у выпадках і парадку, прадугледжаных для прадастаўлення банкамі і НКФА звестак, якія складаюць банкаўскую таямніцу. Пры гэтым Наглядальны савет ПВТ зможа атрымліваць звесткі аб наяўнасці крыптаакаўнта, укладу ў лічбавых знаках (токенах), аб іх уладальніках, нумарах і іншых рэквізітах крыптаакаўнта, укладу ў лічбавых знаках (токенах), аб памеры лічбавых знакаў (токенаў), якія знаходзяцца на крыптаакаўнтах, ва ўкладах у лічбавых знаках (токенах), аб фінансавых аперацыях з лічбавымі знакамі (токенамі) без выкарыстання грашовых сродкаў з выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

Валавы прыбытак крыптабанкаў будзе абкладацца падаткам на прыбытак па стаўцы 9% без прымянення вызвалення ад гэтага падатку, устаноўленага для рэзідэнтаў ПВТ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!