Інданезія афіцыйна ўвяла бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі

Інданезія ўключыла Беларусь у пералік краін, грамадзяне якіх могуць уязджаць у краіну без візы. Адпаведнае рашэнне замацавана ў нарматыўным акце Міністэрства іміграцыі і папраўчых устаноў Інданезіі.

Міністр іміграцыі Агус Андрыянта 7 ліпеня падпісаў Палажэнне № 10/2026 аб пашырэнні спіса дзяржаў, якім прадастаўляецца рэжым Bebas Visa Kunjungan («бязвізавае наведванне»). Дакумент уступае ў сілу з дня апублікавання і адмяняе папярэднюю рэдакцыю аналагічнага акта.

У дадатку да дакумента пералічаны шэсць дзяржаў і тэрыторый, грамадзяне якіх атрымалі права на бязвізавы ўезд у Інданезію:

  • Беларусь;
  • Бразілія;
  • Казахстан;
  • Макаа (спецыяльны адміністрацыйны раён Кітая);
  • Перу;
  • Турцыя.

Прававой асновай для гэтага рашэння стаў Указ прэзідэнта Інданезіі № 95 ад 2024 года аб бязвізавых наведваннях. Дакумент змяніў ранейшы парадак прадастаўлення бязвізавага рэжыму: прэзідэнт вызначыў крытэрыі, а паўнамоцтвы па зацвярджэнні і змяненні пераліку краін перадаў міністру іміграцыі. Пры ўключэнні новых дзяржаў павінны ўлічвацца прынцып узаемнасці, інтарэсы бяспекі, развіцця турызму, эканомікі і інвестыцый.

Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Інданезію ў пачатку ліпеня пытанне бязвізавага рэжыму было сярод тэм двухбаковых перамоў. Па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Прабова Субіянта Лукашэнка падзякаваў інданезійскаму боку за рашэнне адмяніць візы для грамадзян дзвюх краін і адкрыць прамое авіязлучэнне.

Бязвізавы ўезд у Інданезію для грамадзян Беларусі быў прыпынены ў сакавіку 2020 года з-за пандэміі COVID-19. Беларусы павінны былі ўязджаць у Інданезію па візах, якія афармляюцца ў электронным выглядзе або па прыбыцці (Visa on Arrival).

Грамадзяне Інданезіі, у сваю чаргу, ужо цяпер могуць наведваць Беларусь без віз на тэрмін да 30 дзён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!