Фото: Офис Тихановской
Прэс-служба ўрада Вялікабрытаніі апублікавала афіцыйны прэс-рэліз пра ўчарашнюю сустрэчу прэм’ер-міністра краіны Кіра Стармера і Святланы Ціханоўскай.
“Прэм’ер-міністр пачаў з таго, што падкрэсліў падтрымку Вялікабрытаніяй свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Ён асудзіў працяглыя нападкі Лукашэнкі на дэмакратыю і далейшае ўтрыманне пад вартай палітычных зняволеных у краіне.
Прэм’ер-міністр зноў пацвердзіў нязменную падтрымку Вялікабрытаніяй выкарыстання санкцый для аказання пастаяннага ціску на рэжым”, — гаворыцца ў паведамленні.
У прэс-службе брытанскага ўрада адзначылі, што Святлана Ціханоўская расказала прэм’ер-міністру пра візіт у Кіеў. Стармер і Ціханоўская абмеркавалі падтрымку суверэнітэту Украіны.
“У завяршэнне прэм’ер-міністр аддаў належнае спадарыні Ціханоўскай за яе мужнасць у барацьбе за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, — дадалі ў прэс-службе.
У Офісе Ціханоўскай учора паведамілі, што тэмамі сустрэчы былі сітуацыя ў Беларусі, працяг рэпрэсій у краіне, пытанні вызвалення і падтрымкі палітычных зняволеных. Таксама абмяркоўвалася неабходнасць падтрымкі незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці, закраналася тэма падтрымкі Украіны, ролі дэмакратычнай Беларусі ў бяспецы Еўропы, залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Расіі, адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, у тым ліку ў кантэксце выкрадання ўкраінскіх дзяцей і міжнародных механізмаў правасуддзя, сінхранізацыі палітыкі Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку па пытанні санкцый.