У суботу, 19 верасня, на верфі NDSM адбудзецца перформанс саўдзелу пад назвай «A Percussion Piece». Каля 1200 чалавек супольна выступяць у падтрымку людзей, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах. Імпрэза арганізаваная antiwarcoalition.art.
Аўтар праекта, медыямастак і куратар Максім Тымінько прапануе ўдзельнікам апрануць кардонныя маскі з тварамі рэальных беларускіх палітвязняў і выкарыстоўваючы простыя бытавыя прадметы – каструлі, вёдры, бляшанкі ці вечкі – як імправізаваныя ўдарныя інструменты, стварыць супольны гукавы ландшафт.
«Ніякага музычнага вопыту не патрабуецца. На 20 хвілін ваш гук становіцца голасам іншага чалавека, а ваша прысутнасць – часткай мастацкага твора, які можа існаваць толькі адзін раз і толькі ў тым выпадку, калі мы створым яго разам», – дэкларуюць арганізатары.
Аўтар Максім Тымінько тлумачыць зʼяўленне ідэі перформансу немагчымасцю маўчаць. А калі не маўчаць, то трэба казаць гучна. «Іначай які сэнс? Навошта казаць нешта мяккае і паліткарэктнае, калі рэальнасць патрабуе нашмат больш моцнага голасу», – кажа мастак у інтэрвʼю Таццяне Качубінскай.
«A Percussion Piece» – гэта не толькі пратэст, – тлумачыць аўтар. – Гэта не проста стварэнне чагосьці гучнага, каб усё гэта пачулі, – гэта таксама стварэнне чагосьці чутнага для сябе. Гэта спосаб выказаць тое, што нельга выказаць словамі, нешта эмацыйнае.
Вось чаму лозунг «шуміце» такі моцны. Вы не проста ствараеце музыку. Вы ствараеце шум – гучны шум, магчыма, і ціхі. Але гэта шум як форма самавыяўлення. Гэта не проста акт пратэсту: гаворка не ідзе аб неадкладным зборы подпісаў, петыцый або дасягненні пэўнага выніку.
Гаворка ідзе пра досвед. І менавіта гэта робіць яго творам мастацтва: людзі ўсталёўваюць эмацыйную сувязь з рэальнымі людзьмі, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні, і выказваюць гэтую сувязь праз рытм, гук і шум. Калі вы носіце кардонную скрынку на галаве, у вас усё яшчэ ёсць невялікія адтуліны, праз якія вы можаце ўбачыць навакольны свет, але вы застаяцеся ўнутры скрынкі. Вы працуеце самі з сабой, будучы часткай вялікага натоўпу. Я думаю, што гэта напружанне – паміж ізаляцыяй і калектыўным досведам – зʼяўляецца вельмі важнай часткай твора».
Выкарыстанне самаробных інструментаў, бляшаных слоікаў і ўдарных інструментаў – адзін з самых простых спосабаў удзелу. Людзі могуць рабіць гэта без якіх-небудзь ведаў, без падрыхтоўкі, без дадатковых практыкаванняў. Кожны можа шумець, ствараць рытмы, выдаваць гукі. І калі прыслухацца да свайго суседа, то можна пачаць паўтараць, адказваць, іграць разам і гэтак далей. Максім Тымінько спадзяецца, што гэтая перкусійная пʼеса будзе працаваць менавіта так.
Людзі атрымаюць рэальны досвед, які будзе належаць гэтаму канкрэтнаму моманту.
У мастацтве Максіма Тымінько найбольш цікавіць алгарытмы і сацыяльная харэаграфія, то-бок тое, што не цалкам кантралюецца самім аўтарам.
Аўтар можа стварыць нейкі набор правіл, пасля чаго сістэма пачынае расці, развівацца і жыць уласным жыццём. Гэта ідэя была важнай для Максіма Тымінько яшчэ да таго, як ён засвоіў праграмаванне і пачаў рабіць творы мастацтва на аснове праграмавання, а займаўся відэаартам, у якім пастаянна выкарыстоўваў зацыкліванне. То-бок імкнуўся да таго, каб у працы не было яўнага канца ці пачатку, каб яна пастаянна развівалася.
Для Максіма Тымінько важная ўзаемасувязь паміж вельмі простымі правіламі праграмавання і жыццёвым досведам людзей. Ён таксама згадвае, што тэхналогіі вельмі можна звязаныя з пратэстамі 2020-га, якія і сталі магчымымі дзякуючы тэхналогіям. Напрыклад, грамадзянская платформа «Голас» і іншыя ініцыятывы стварылі паралельную сістэму праверкі вынікаў выбараў. Людзі ўбачылі рэальныя лічбы.
Таксама тэхналогіі дапамаглі ў арганізацыі саміх пратэстаў: тэлеграм-каналы, сецівы сувязей. З іншага боку, рэпрэсіі ў Беларусі таксама грунтуюцца на тэхналогіях. Тыя ж інструменты выкарыстоўваюцца для кантролю. Нават гэтая перкусійная пʼеса стала магчымай толькі дзякуючы тэхналогіям, дзякуючы сетцы і магчымасці звязвацца з людзьмі.
Дарэчы, запіс на ўдзел у перформансе ўсё яшчэ адкрыты.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
