Стала вядома, за што экс-журналіста Любенчука судзілі другі раз

Былога журналіста Аляксандра Любенчука судзілі другі раз у сакавіку 2026 года. Ён правёў у калоніі два тыдні і выйшаў на волю. Цяпер Любянчук знаходзіцца за межамі Беларусі, паведамляе БАЖ.

Першы раз Любенчука затрымалі ў маі 2022 года і прысудзілі да 3 гадоў калоніі паводле артыкула аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні». Ён цалкам адбыў тэрмін у магілёўскай калоніі і выйшаў на волю ў студзені 2025 года.

У верасні 2025 года яго затрымалі другі раз па абвінавачанні ў распальванні варожасці за каментарыі і садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» па «справе Гаюна». Да суда Любенчука сем месяцаў утрымлівалі ў следчым ізалятары ў Гродне.

Суд адбыўся ў сакавіку 2026 года. Абвінавачанне запытвала 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя прысудзіў 4 гады ўзмоцненага рэжыму, але ў залік пайшоў першы тэрмін і тэрмін утрымання пад вартай. У выніку Любянчук правёў у калоніі два тыдні: спачатку на каранціне, а потым у штрафным ізалятары. У маі яго вызвалілі.

22 чэрвеня КДБ дадаў Любенчука ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!