Стаў вядомы склад суда МУС, які будзе разглядаць справу супраць рэжыму Лукашэнкі

Стаў вядомы склад Палаты папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда па сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта ў Facebook паведаміла юрыстка Кацярына Дзейкала.

Юлія Моток (Judge Iulia Motoc) з Румыніі да МУС дзесяць гадоў была суддзёй Еўрапейскага суда па правах чалавека, а таксама займала шэраг пасад у сістэме ААН, у тым ліку была краінавай Спецдакладчыцай па Конга і тэматычнай Спецдакладчыцай па генетыцы і правах чалавека.

Рэнэ Алапіні-Гансу (Judge Reine Alapini-Gansou) з Беніна — другая віцэ-прэзідэнт МУС, 12 гадоў працавала ў Афрыканскай камісіі па правах чалавека, у тым ліку ўзначальвала яе. Займалася праблемай правасуддзя для Руанды. У лістападзе 2024 года расійскі суд выдаў ордэр на яе арышт — яна была ў ліку суддзяў, якія выдалі ордэр на арышт службовых асоб Паўднёвай Асеціі ў сувязі з вайной у Грузіі 2008 года. У чэрвені 2025 года адміністрацыя Трампа ўвяла супраць яе санкцыі — яна таксама ўдзельнічала ў выдачы ордэраў на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны краіны Йова Галанта.

Сакора Флорэс Льера (Judge Socorro Flores Liera) з Мексікі — кар’ерная дыпламатка, якая працавала ў складзе мексіканскай дэлегацыі пры стварэнні МУС і прадстаўляла інтарэсы Мексікі ў Міжнародным судзе ААН. Справа тычылася парушэння правоў на консульскую абарону 54 мексіканскіх грамадзян, асуджаных да смерці ў судах ЗША.

Нагадаем, 12 сакавіка Офіс пракурора МУС прыняў рашэнне пачаць расследаванне аб меркаваных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі. Матэрыялы ў МУС былі перададзены Літвой у 2024 годзе. Літва прасіла расследаваць трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да насельніцтва Беларусі, бо частка з іх была здзейснена ў Літве — дзяржаве-ўдзельніцы МУС. Гаворка ідзе пра дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія прывялі да дэпартацыі грамадзян.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!