Стаў вядомы артыкул, па якім асудзілі жыхара Светлагорска, затрыманага пасля вяртання ў Беларусь
Рэдакцыя Reform.news · 2 мая 2026, 17:44
https://reform.news/be/sta-vjadomy-artykul-pa-jakim-asudzili-zhyhara-svetlagorska-zatrymanaga-paslja-vjartannja-belarus/Стаў вядомы артыкул, па якім на пачатку года быў асуджаны жыхар Светлагорска Глеб Панасюк, прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле даных «Гомельскай Вясны», яго асудзілі па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса. Яна ўстанаўлівае адказнасць за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, а таксама за вербаванне і падрыхтоўку асоб да такога ўдзелу.
Сябры Глеба сцвярджаюць, што ён быў падпісаны на канал палка імя Кастуся Каліноўскага, аднак вербаваннем або навучаннем патэнцыйных байцоў дакладна не займаўся.
34-гадовы Глеб Панасюк вярнуўся на радзіму 8 кастрычніка 2025 года, каб наведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён апошні раз выходзіў на сувязь з сябрамі ў Польшчы — патэлефанаваў з вакзала ў Брэсце і паведаміў, што садзіцца на цягнік да Светлагорска. Пасля гэтага сувязь з ім абарвалася. Сябры пачалі яго пошук. У снежні стала вядома, што Панасюк утрымліваецца ў СІЗА №3 у Гомелі. Да гэтага ён знаходзіўся ў гомельскім ІЧУ, куды быў змешчаны па адміністрацыйнай справе.
