Спецпасланніца АБСЕ ўключыць у афіцыйны даклад дадзеныя пра перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сустрэўся са спецыяльным пасланнікам па пытаннях вяртання ўкраінскіх дзяцей Парламенцкай асамблеі АБСЕ Карынай Одэбрынк.

Сустрэча адбылася па ініцыятыве шведскага дэпутата і спецпасланніка. Садзейнічанне ў яе арганізацыі аказала кіраўніца дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ Аляксандра Мамаева.

Латушка прадставіў дадзеныя, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем. Паводле іх, больш за 3500 украінскіх дзяцей былі прымусова перамешчаны ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны — Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей. Паводле яго слоў, гэтыя дзеянні ажыццяўляліся на падставе асабістага пісьмовага рашэння Аляксандра Лукашэнкі, прынятага ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Карына Одэбрынк падкрэсліла важнасць адлюстравання ролі рэжыму Лукашэнкі ў здзяйсненні ваеннага злачынства і заявіла, што перададзеныя НАУ матэрыялы будуць уключаны ў яе даклад. Даклад плануецца прадставіць на бліжэйшай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, паведамілі ў прэс-службе НАУ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!