Слядоў зніклых беларускіх альпіністаў не знайшлі. Заўтра працягнуцца пошукі з верталётам

У Кыргызстане працягваюцца пошукі двух беларусаў і грамадзяніна Літвы, якія не выходзяць на сувязь з 2 жніўня.

11 жніўня пошукавая група з дапамогай дрона агледзела схілы да вышыні 4800 метраў. Слядоў групы не было заўважана. Відэа перададзеныя ў штаб для аналізу.

«Агледзелі снежна-ледзяное рабро і схілы злева і справа ад яго на вышынях ад 4000 да 4800 метраў, прайшлі ўздоўж адгор’я да 5550. Вышэй усё закрыта аблокамі: столь палётаў сёння — 5000–5500 метраў, хоць сам дрон дастае да 7000. Слядоў групы не ўбачылі. На схілах шмат свежага снегу, і гэта працуе супраць нас: снег хавае і сляды, і рэчы», — напісалі сябры альпіністаў.

12 жніўня з паляпшэннем надвор’я плануецца працягнуць пошукі з верталёта. Пошукавая група збіраецца вывучыць самае верагоднае месца, дзе могуць знаходзіцца альпіністы, — участак паміж двума лагерамі, які да гэтага не ўдавалася добра агледзець.

Нагадаем, беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды Заалайскага хрыбта 1 жніўня. На наступны дзень група паведаміла, што гатовая да спуску, але ва ўстаноўленае месца не выйшла і з таго часу не выходзіць на сувязь. 8 жніўня ратавальнікі выявілі палатку, якую альпіністы пакінулі як склад перад узыходжаннем.

У пошуках удзельнічаюць супрацоўнікі МНС Кыргызстана і альпіністы-добраахвотнікі. Для пошукавай аперацыі аб’яўлены збор сродкаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!