У Беларусі масава затрымліваюць «на экспертызу» фуры з Калінінграда — СМІ

Цягачы калінінградскіх перавозчыкаў масава затрымліваюць у Беларусі на экспертызу, якая расцягваецца на некалькі месяцаў, паведамляе расійскае выданне «Клопс» са спасылкай на прадстаўніка адной з транспартных кампаній Івана Зайцава. На публікацыю звярнуў увагу «Позiрк».

Паводле інфармацыі выдання, пасля праходжання літоўска-беларускай мяжы кіроўцам некаторых аўтамабіляў паведамляюць, што цягач павінен застацца на экспертызу. Паводле слоў перавозчыка, гаворка ідзе пра праверку сапраўднасці дакументаў. Паперы на адзін з цягачоў былі выдадзены ДАІ ў Калінінградзе ў лютым.

Паводле слоў перавозчыка, праблема назіраецца ў некалькіх пунктах пропуску. На экспертызу адпраўлена каля 300 цягачоў з калінінградскай рэгістрацыяй. Тэрміны праверкі складаюць ад тыдня да 3-4 месяцаў і нават больш.

Перавозчыкам даводзіцца шукаць іншыя цягачы, каб забраць прычэп з грузам і не сарваць пастаўку. Адпраўнікі скардзяцца на страты ад прастою тэхнікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!