Сестра Наталья продает изделия Минского Свято-Елисаветинского монастыря (Беларусь) в церкви Нотр-Дам-де-Бон-Пор в Ле-Сабль-д'Олон (Вандея). Фото: Kévin Guyot, Ouest-France
Сёстры мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, вядомага публічнай падтрымкай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, працягваюць прыязджаць у Францыю і прадаваць у каталіцкіх храмах іконы, сувеніры, мёд і іншыя тавары. Пакупнікам пры гэтым кажуць, што выручка прызначана для дабрачынных праектаў, піша французская газета Ouest-France.
Выданне апублікавала расследаванне, у якім прыводзіць шматлікія сведчанні таго, што манастыр збірае грошы і перадае матэрыяльную дапамогу расійскім вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.
У матэрыяле адзначаецца, што ў жніўні дзве манахіні манастыра, Алена і Наталля, каля трох тыдняў гандлявалі каля ўвахода ў царкву Нотр-Дам-дэ-Бон-Пор у Ле-Сабль-д’Алон, дэпартамент Вандэя. На прылаўку былі іконы, матрошкі, рэлігійныя сувеніры і прадукты з этыкеткамі на французскай мове. Пакупнікам казалі, што манастыр дапамагае дзецям з дзіцячага дома і дзяржаўнай псіхіятрычнай установы ў Мінску. За гадзіну назірання журналісты налічылі некалькі продажаў на суму каля 50 еўра. За стэндам вісеў плакат, які тлумачыў, што манастыр аказвае дапамогу дзецям з дзіцячага дома і дзяржаўнай псіхіятрычнай бальніцы.
Паездкі сясцёр у Францыю працягваюцца як мінімум з 2018 года. Яны рэгулярна ладзяць выставы-продажы ў каталіцкіх парафіях, у тым ліку ў Парыжы, Альбі і Парэ-ле-Маньяле.
Пры гэтым, адзначаюць аўтары, манастыр мае публічныя сувязі з расійскімі вайскоўцамі і падтрымлівае зборы для іх. Духоўнік манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны неаднаразова выказваўся ў падтрымку расійскай арміі. У маі 2025 года ён заявіў, што манастыр «сёння таксама з’яўляецца баявой адзінкай».
У 2022 годзе ў манастыры з’явіўся праект «Дапамога братам», які займаецца зборам сродкаў і рэчаў для расійскіх вайскоўцаў. У публікацыях праекта фігуруюць ваенная экіпіроўка, лекі, аўтамабілі і беспілотнікі. На адным з відэазапісаў расійскі вайсковец дзякуе манахіні Аляксандры за перададзены беспілотнік. У іншай публікацыі паведамлялася пра адпраўку 100 пар ваенных ботаў і лекаў.
Па фотаздымках і паведамленнях у Telegram журналісты змаглі ўстанавіць як мінімум 7 аўтамабіляў, набытых для расійскіх вайскоўцаў у перыяд з красавіка па жнівень 2023 года. Сярод іх былі УАЗ Patriot, УАЗ-469, УАЗ SGR і ВАЗ-2131. У верасні таго ж года паведамлялася ўжо пра 9 перададзеных аўтамабіляў.
У адказ на запыт газеты манахіні выступілі ў сваю абарону.
«Замест таго каб меркаваць пра манастыр па публікацыях, знойдзеных у інтэрнэце, прыязджайце і паглядзіце на яго дзейнасць на месцы, — пішуць яны. – Вы зможаце самі пераканацца, на што ідуць сродкі, выдзеленыя на развіццё манастыра і яго дабрачынную дзейнасць: будаўніцтва і ўтрыманне цэркваў і капліц, школа, прытулак, прыём і дапамога людзям, якія апынуліся ў бядзе».
Калі сясцёр спыталі пра гэтыя публікацыі, яны адмовіліся ўдавацца ў падрабязнасці.
«Мы не хочам уступаць у палеміку на падставе фотаздымкаў, публікацый у сацыяльных сетках або інтэрпрэтацый, якія датычацца людзей і падзей, наконт якіх мы не маем права выказвацца», — адказалі яны Ouest-France.
Асобна манастыр удзельнічае ў іншай структуры, якая займаецца дастаўкай дапамогі на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Данбаса. У публікацыях гэтага праекта таксама сустракаюцца паведамленні пра дапамогу расійскім вайскоўцам і іх сем’ям.
Праверыць прызначэнне наяўных грошай, якія прымаюць на французскіх стэндах, практычна немагчыма, адзначаюць аўтары. На месцы пакупнікі расплачваліся наяўнымі. Манастыр, са свайго боку, запэўнівае, што сродкі, сабраныя падчас місій у Францыі, прызначаныя выключна для дабрачыннай дзейнасці.
«Мы ніколі не збіралі сродкі ў Францыі для фінансавання ваеннай дзейнасці», — заявілі манахіні ў сваім пісьмовым адказе выданню.
Пры гэтым сама манахіня Аляксандра раней пацвярджала тэлеканалу “Белсат”, што манастыр набывае для расійскіх вайскоўцаў тое, што яны просяць. Аналагічныя звесткі атрымалі журналісты рускамоўнага праекта “Вот Так”.
Ouest-France таксама звяртае ўвагу на маштаб самога манастыра. Заснаваны ў 1999 годзе, ён аб’ядноўвае больш за сотню манахінь. Паводле даных “Бюро Медиа”, структура звязаная з сямю кампаніямі ў Беларусі і Расіі, мае дзясяткі крам, больш за дзесяць майстэрняў і звыш 300 гектараў зямлі. У звязаных з манастыром структурах працуюць каля 1600 чалавек.
Манастыр цесна звязаны з беларускімі ўладамі. У студзені 2023 года Аляксандр Лукашэнка наведаў яго на Раство і станоўча выказаўся пра зборы ў дапамогу расійскім вайскоўцам.
У Францыі рашэнне аб прыёме манахінь пакуль застаецца на ўзроўні асобных парафій. Настаяцель царквы ў Ле-Сабль-д’Алон Антуан Нуваві адзначыў, што манахіні прыязджалі сюды яшчэ да яго прызначэння 8 гадоў таму і што яны «забяспечваюць сябе жыллём і харчаваннем за свой кошт». Першы скандал разгарэўся ў 2022 годзе ў сувязі з падтрымкай, якую прадстаўнікі манастыра аказвалі Расіі. Тады святар вырашыў не прымаць іх летам 2023 і 2024 гадоў. У рэшце рэшт, пасля атрымання ліста з манастыра, ён пагадзіўся на іх вяртанне.
У гэтым лісце ад 15 мая 2024 года, з якім азнаёмілася Ouest-France, настаяцельніца манастыра Еўфрасіння Лапцік сцвярджае, што «ўся інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, з’яўляецца ілжывай». Яна запэўнівае, што сабраныя ў Францыі ахвяраванні накіроўваюцца «выключна» на фінансаванне двух цэнтраў прыёму бяздомных і дзіцячых дамоў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні манастыра, не ўдакладняючы, пра якія менавіта ўстановы ідзе гаворка. У каментары ў Ле-Сабль-д’Алон сястра Алена таксама адмаўляла фінансаванне расійскай арміі. Яна патлумачыла па-іспанску, што грошы прызначаныя «для дабрачыннасці».
«Наша сэрца вялікае і адкрытае для ўсіх», — запэўніла манахіня.
У адказ на запыт епархія Вандэі заявіла, што «не асабліва дасведчаная» пра прыезд гэтых манахінь і «давярае настаяцелю Антуану Нуваві ў пытанні вызначэння мэтазгоднасці і дарэчнасці прыёму гэтай супольнасці».
Сам айцец Антуан Нуваві прызнаў, што не мае магчымасцей праверыць, куды менавіта накіроўваецца выручка. Ён прапанаваў французскаму МЗС прадставіць доказы сувязі паміж французскімі ахвяраваннямі і ваеннай дапамогай Расіі.
«Я звяртаюся да Міністэрства замежных спраў. Няхай яны прадставяць нам доказы, і мы больш не будзем прымаць гэтых сясцёр. Я супраць вайны», — заявіў ён.
У міністэрстве адказалі, што «не маюць каментарыяў з гэтай нагоды».
У іншых еўрапейскіх краінах падобныя сітуацыі ўжо прывялі да таго, што некалькі ўстаноў зачынілі свае дзверы для сясцёр з Мінска. У 2022 годзе манахіням давялося пакінуць калядны кірмаш пры саборы Вінчэстэра ў Вялікабрытаніі. У 2024 годзе пасля пратэстаў беларускай дыяспары быў закрыты іх стэнд у польскім Шчэціне. У 2025 годзе Царква Швецыі рэкамендавала парафіям не прымаць манахінь з Мінска, палічыўшы, што іх дзейнасць можа ўскосна спрыяць фінансаванню расійскай вайны. У 2026 годзе аналагічную забарону ўвяла адна з цэркваў у Швейцарыі.
Сёстры заяўляюць, што прымаюць гэтыя рашэнні, але не падзяляюць іх.
«Мы паважаем іх. Гэта іх права», — адказалі яны выданню, дадаўшы, што было б «прыкра», калі б гэтыя рашэнні былі прадстаўлены «як доказ нямэтавага выкарыстання ахвяраванняў, сабраных у Францыі, без якіх-небудзь канкрэтных фактаў, якія пацвярджаюць такую сувязь».
У Францыі епархіям не было дадзена ніякіх указанняў. Ні Міністэрства замежных спраў, ні Канферэнцыя біскупаў Францыі не адказалі на пытанні.
“Такім чынам, рашэнне аб тым, ці прымаць сясцёр з Мінска, па-ранейшаму застаецца за настаяцелямі парафій, якія самі заяўляюць, што не маюць магчымасці што-небудзь праверыць”, – рэзюмуе выданне.