Фото: Генштаб ВСУ
Жнівень не прынёс стратэгічнага пералому на фронце, але прыкметна пашырыў геаграфію вайны: удары па нафтаперапрацоўцы, партах і лагістыцы ў глыбіні тэрыторыі сталі такімі ж важнымі, як і баі на лініі судакранання.
Паводле ўдакладненай ацэнкі Institute for the Study of War (ISW) ад 1 верасня 2026 года, у жніўні маскавіцкія войскі замацавалі за сабой каля 90,35 км² украінскай тэрыторыі – у сярэднім 2,91 км² за суткі. Калі ўлічваць не толькі пацверджаныя тэрытарыяльныя набыткі, але і пранікненне невялікіх груп акупантаў у «шэрую зону», агульны паказчык склаў каля 123,53 км², або 3,98 км² за суткі.
Для параўнання, у жніўні 2025 года Расія захапіла 505,55 км². Такім чынам, тэмп прасоўвання за год скараціўся прыкладна ў 5,6 раза. Адначасова ўкраінскія сілы ў жніўні вызвалілі не менш за 129,81 км², прычым ISW лічыць гэтую лічбу кансерватыўнай праз няпоўную фіксацыю ўкраінскіх поспехаў на Ліманскім кірунку.
Асновай расійскага прасоўвання заставаліся інфільтрацыя невялікіх пяхотных груп, FPV-дроны, планіруючыя авіябомбы і паступовае разбурэнне ўкраінскіх пазіцый. Галоўным раёнам маскавіцкага ціску быў Данбас, асабліва «Прыгонны пояс» (Славянск–Краматорск–Канстанцінаўка), дзе расійскія сілы так і не завяршылі захоп Канстанцінаўкі, нягледзячы на многія месяцы баёў.
Цана расійскага прасоўвання — страты асабовага складу. Паводле даных украінскага Генштаба, у жніўні расійскія войскі страцілі 42 020 вайскоўцаў — другі месяц запар са стратамі звыш 40 тысяч чалавек, што больш, чым РФ паспявае наймаць у сярэднім за месяц.
Галоўным раёнам ціску акупантаў заставаўся Данбас – атакі ў кірунку Славянска, Краматорска і Канстанцінаўкі, якія не далі аператыўнага поспеху. Украінскае камандаванне ў канцы жніўня абвясціла пра стварэнне новых аператыўных камандаванняў для абароны Данецкай вобласці пад кіраўніцтвам генералаў Андрэя Білецкага і Дзяніса Пракапенкі.
У раёне Лімана на Харкаўшчыне ўкраінскія падраздзяленні праводзілі лакальныя контратакі.
Больш маштабныя ўкраінскія контратакі праходзілі на стыку Данецкай, Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцей. Паводле даных украінскага камандавання, прыведзеных Reuters, падчас аперацыі, якая пачалася раней у 2026 годзе, Украіна да канца лета вызваліла 26 населеных пунктаў і каля 745 км² тэрыторыі. З іх 12 населеных пунктаў знаходзіліся ў Днепрапятроўскай вобласці, 10 — у Данецкай і чатыры — у Запарожскай.
Калі на лініі фронту жнівень не прынёс буйнога пералому, то ў глыбіні тэрыторыі абодва бакі прыкметна павялічылі інтэнсіўнасць удараў.
Галоўнай мэтай украінскай кампаніі стала нафтаперапрацоўка. Паводле даных Reuters, у канцы жніўня вытворчасць бензіну ў Масковіі ўпала прыкладна да 80 000 тон за суткі пры летнім унутраным попыце каля 115 000 тон за суткі. Такім чынам, у канцы месяца вытворчасць пакрывала толькі каля 70% бягучага попыту.
Для кампенсацыі дэфіцыту Масква павялічвала імпарт: у жніўні чакаліся пастаўкі нафтапрадуктаў морам з Азіі аб’ёмам каля 270 000 тон, а імпарт бензіну з Беларусі — прыкладна 150 000 тон. У шэрагу рэгіёнаў зноў з’явіліся абмежаванні на продаж бензіну і графікі адпускання паліва.
Удары па энергетычнай інфраструктуры прымусілі ўлады РФ пераходзіць да адміністрацыйных мер. 24 жніўня Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе дзяржаве часова браць пад кантроль крытычна важныя аб’екты паліва, энергетыкі, прамысловасці, сувязі, транспарту і лагістыкі, калі яны прызнаюцца недастаткова абароненымі ад украінскіх атак.
Абодва бакі таксама наносілі ўдары па лагістычных аб’ектах адзін аднаго – перш за ўсё па буйных складах гандлёвых сетак.
У жніўні Чорнае мора стала асобным фронтам эканамічнай вайны.
12 жніўня Украіна нанесла адзін з найбуйнейшых удараў па расійскай ваенна-марской інфраструктуры за ўвесь час вайны. Пад удар трапіў Наварасійск — адначасова найбуйнейшы расійскі ваенна-марскі вузел і адзін з найважнейшых экспартных партоў.
Паводле даных Reuters, украінскія дроны і ракеты пашкодзілі два фрэгаты, вялікі дэсантны карабель і карвет. Адначасова былі паражаныя два буйныя збожжавыя тэрміналы.
Значэнне ўдару выходзіла далёка за межы расійскага флоту. Наварасійск – адзін з галоўных цэнтраў расійскага экспарту збожжа і нафты. Пасля атакі два збожжавыя тэрміналы спынілі працу, а ф’ючарсы на пшаніцу ў Чыкага выраслі прыкладна на 3% за дзень.
У жніўні Украіна таксама прапанавала пры пасярэдніцтве трэцяга боку спыніць удары па грамадзянскіх аб’ектах у Чорным моры. Масква адхіліла гэтую ідэю.
Пасля гэтага ўдары па камерцыйным суднаходстве працягнуліся. Украінскі экспарт збожжа таксама апынуўся пад сур’ёзным ціскам: паводле даных украінскага Міністэрства аграрнай палітыкі, прыведзеных Reuters, аб’ём адгрузак у першыя два тыдні жніўня быў на 76% ніжэйшы, чым годам раней.
5 жніўня на тэрыторыі аэрапорта Лейпцыга ў Германіі быў выяўлены беспілотнік, абсталяваны прафесійным выбуховым прыстасаваннем і дэтанатарам. 1 верасня Германія афіцыйна ўсклала адказнасць за інцыдэнт на расійскую разведку. Масква адхіліла абвінавачанні і назвала іх сфабрыкаванымі.
Эстонія таксама расследавала магчымы расійскі след у падпале аб’екта Milrem Robotics у Таліне. Кампанія вырабляе беспілотныя наземныя ваенныя сістэмы, частка якіх выкарыстоўваецца Украінай. Прэм’ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал заявіў, што адной з версій следства з’яўляецца расійскі ўдзел.
Вайна ўсё глыбей ператвараецца ў канфлікт на знясіленне эканомік, інфраструктуры і здольнасці бакоў падтрымліваць баявыя дзеянні, мае патэнцыял да геаграфічнага пашырэння. Расія пакуль захоўвае магчымасць павольна наступаць, але робіць гэта з велізарнымі стратамі. Украіна не атрымала магчымасці для маштабнага вызвалення акупаваных тэрыторый, затое навучылася сістэмна ствараць праблемы расійскай эканоміцы далёка за межамі фронту.
Наш ваенны эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.