Сядзібу «Беліца», дзе працаваў Янка Купала, ператварылі ў сметнік
Reform.news · 12 мая 2026, 21:14
https://reform.news/be/sjadzibu-belica-dze-pracava-janka-kupala-peratvaryli-smetnik/У Сенненскім раёне ўжо даўно і безвынікова спрабуюць прадаць паўразбураную сядзібу «Беліца» – гістарычную каштоўнасць 2-й катэгорыі. Цяпер зрабіць гэта стала яшчэ больш праблематычна: падчас праверкі стану гістарычных месцаў пракуратура Сенненскага раёна зафіксавала на тэрыторыі былой сядзібы сметнік бытавога смецця і адходаў драўніны, – піша тэлеграм-канал Orsha.eu.
Сядзіба, якая знаходзіцца ў вёсцы Полымя (былая Беліца), пабудавана ў стылі позняга класіцызму ў XIX стагоддзі. Яе апошнія ўладальнікі – шляхцічы Свяцкія. У 1903-1904 гадах тут працаваў малодшым прыказчыкам Іван Дамінікавіч Луцэвіч – у будучыні народны паэт Беларусі Янка Купала. Пра гэта сведчыць адмысловая шыльда на будынку.

Зрэшты, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’ектаў Сенненшчыны ігнаруецца і мясцовымі ўладамі: раённая пракуратура ўстанавіла, што на васьмі помніках археалогіі, якія маюць статус каштоўнасцяў 3-й катэгорыі, адсутнічаюць ахоўныя дошкі, — адзначае тэлеграм-канал Orsha.eu.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
