Reform.news

Сірыйца прысудзілі да 5,5 года турмы ў Германіі за арганізацыю нелегальнай міграцыі праз Беларусь

Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 16:29

https://reform.news/be/siryjca-prysudzili-da-5-5-goda-turmy-germanii-za-arganizacyju-nelegalnaj-migracyi-praz-belarus/

Зямельны суд у горадзе Кіль (Германія) 11 лістапада прысудзіў 30-гадовага мужчыну да 5,5 года пазбаўлення волі за арганізацыю незаконнага ўвозу замежнікаў, паведамляе NDR.

Мужчыну прызналі вінаватым па 10 эпізодах. Усяго, згодна з абвінавачаннем, ён нелегальна перавёз у Германію больш за 40 чалавек, у асноўным грамадзян Сірыі і Ірака. Падчас адной з такіх аперацый адзін чалавек загінуў.

Суд таксама абавязаў абвінавачанага выплаціць дзяржаве каля 19 тысяч еўра, якія той атрымаў за перавозку мігрантаў.

Як раней пісала выданне NDR, суд пачаўся ў сакавіку 2026 года. Абвінавачаны — 30-гадовы грамадзянін Сірыі. Ён некаторы час хаваўся ад праваахоўных органаў і некалькі гадоў пражыў у Кілі. Мужчыну затрымалі ў верасні 2025 года.

Эпізоды, па якіх абвінавачваўся мужчына, адбыліся з сакавіка па лістапад 2025 года. У асноўным ён арганізоўваў перапраўку мігрантаў у Кіль.

Як устанавіла следства, у кастрычніку 2021 года ён разам з саўдзельнікам перапраўляў восем грамадзян Сірыі з Беларусі праз Польшчу. Ноччу група павінна была перасекчы Буг на беларуска-польскай мяжы на чатырох надзіманых лодках. Адна лодка перакулілася пасярэдзіне ракі. Адзін мужчына змог даплысці да польскага берага, а другі, грамадзянін Сірыі, патануў.

У абвінаваўчым заключэнні згадваецца, што падчас гэтых падзей на месцы знаходзіліся беларускія вайскоўцы.

На першым пасяджэнні суда ў сакавіку адвакаты абвінавачанага заяўлялі, што вайскоўцы прымушалі людзей садзіцца ў надзіманыя лодкі.

Рэклама

Пакінуць адказ