Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з прэм’ерам Эстоніі Крыстэнам Міхалам
Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 14:08
https://reform.news/be/cihano-skaja-pershynju-sustrjelasja-z-prjem-eram-jestonii-krystjenam-mihalam/Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з прэм’ер-міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам. Сустрэча адбылася на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне.
Лідар дэмсіл падкрэсліла, што вынікі мірных перамоваў па Украіне будуць мець непасрэднае значэнне для будучыні Беларусі. Паводле яе слоў, нельга дапусціць захавання краіны пад расійскім кантролем.
«Падтрымка Украіны – гэта таксама падтрымка Беларусі. І наадварот. Ад вынікаў мірных перамоваў залежыць не толькі лёс Украіны, але і будучыня нашай краіны. Мы не можам дапусціць, каб Беларусь засталася пад расійскім кантролем. Свабодная Беларусь – гэта бяспечная Украіна, а моцная Украіна – гэта шанец для свабоднай Беларусі», – заявіла яна.
Адной з тэм сустрэчы стала падрыхтоўка да канферэнцыі па аднаўленні Украіны, запланаванай на студзень у Таліне. Бакі абмеркавалі магчымасць удзелу ў ёй беларускіх дэмакратычных сіл.
Ціханоўская таксама расказала пра супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з Украінай, дзейнасць Аб’яднанага пераходнага кабінета і намаганні па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за саўдзел у расійскай агрэсіі.
Яна адзначыла працу беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку валанцёрскія зборы сродкаў на дапамогу Украіне і беларусам, падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, а таксама дзейнасць BELPOL па зборы доказаў садзейнічання беларускіх уладаў Расіі ў вядзенні вайны.
Ціханоўская падзякавала Эстоніі за падтрымку беларусаў, цёплы прыём падчас нядаўняга візіту ў Талін і супрацоўніцтва з эстонскім МЗС, у прыватнасці з міністрам замежных спраў Маргусам Цахкна.
У Таліне дзейнічае Місія беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама беларуская дыяспара, якая аказвае дапамогу суайчыннікам і падтрымлівае Украіну, адзначылі ў Офісе Ціханоўскай.
