Радослав Сикорски. Фото: МИД Польши
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прапануе ўвесці санкцыі супраць перапрацоўшчыкаў расійскай нафты. Пра гэта ён заявіў журналістам перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС па замежных справах.
“Я ўзніму пытанне аб неабходнасці ўвядзення санкцый супраць нафтаперапрацоўчых заводаў, якія перапрацоўваюць расійскую нафту. На мой погляд, гэта дапоўніла б санкцыі, якія ў нас ёсць супраць ценявога флоту”, — сказаў ён.
Нагадаем, на гэтым тыдні Еўракамісія пачынае кансультацыі з краінамі ЕС па 20-м пакеце санкцый супраць РФ, які плануецца зацвердзіць да чацвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
Сёння польскія СМІ таксама напісалі, што сярод прапаноў Варшавы — далейшае ўзмацненне мер у дачыненні да марской транспарціроўкі расійскай нафты. Яно заключаецца ў адмове ад механізму цэнавой столі і ўвядзенні забароны на аказанне паслуг, звязаных з перавозкай нафты, незалежна ад цаны сыравіны або наяўнасці санкцый у дачыненні да танкераў, якія яе перавозяць.