Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава і гендырэктара ААТ «Агракамбінат „Дзяржынскі“» Уладзіміра Лук’янава.
Як патлумачыла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, нагодай для сустрэч сталі ў тым ліку «просьбы ўрада і прапановы адміністрацыі» аб іх пераводзе на іншую працу.
«Па выніках адбылых размоў прэзідэнтам гэтыя прапановы былі адхіленыя. З іх згоды ўсе застаюцца на сваіх месцах і пасадах. З кожным з дакладчыкаў прэзідэнт, як і анансаваў, правёў мужчынскую размову. Плюс, вядома, у абавязковым парадку ўлічваў і тое, што кожны з запрошаных на гутарку дастаткова добра спраўляецца са сваімі абавязкамі па цяперашнім месцы працы», — сказала Эйсмант.
Прэс-служба Лукашэнкі таксама апублікавала фрагмент відэазапісу яго сустрэчы са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым, у якім ён гаворыць пра паступіўшую прапанову.
«Цямніць не стану. Мне тут многія дакладваюць. Я так паджартоўваў часам над табой наконт не тое вашага жадання, не тое нечага жадання перайсці працаваць ва ўрад. Таксама абмяркуем гэту праблему так па-мужчынску, па-чалавечы. Яшчэ раз падкрэсліваю, дзе б вы ні працавалі, вы ведаеце, што працы заўсёды хапае, тым больш у вашым узросце. Яшчэ трэба і трэба ўпірацца і даказваць мінчукам і народу, што вы нямала гатовыя зрабіць і зробіце.
Таму так па-мужчынску мы павінны пагаварыць на гэтую тэму адкрыта, нягледзячы на нейкія пажаданні і прапановы каго б там ні было. Тым больш што тыя, якія таксама рабілі заключэнне не тое па вашым жаданні, не тое па іх прапанове, яны папярэджаныя мною, што я з вамі буду гаварыць адкрыта, таму што пасада гэтая няпростая. Гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, сталіца. Таму яны павінны ведаць, што ў нас адбудзецца адкрытая размова.
Яшчэ раз падкрэсліваю, гэтая размова, другая частка, не звязаная з тым, што ў Мінску ў нас катастрафічна дрэнна. Недахопаў хапае, як усюды. Яны і будуць, пажадана, каб паменш. І ў мяне няма вялікіх прэтэнзій да цяперашняга кіраўніка Мінска. Я хачу, каб вы разумелі, што мы зыходзіць будзем з гэтага пры пабудове нашай размовы», — сказаў Лукашэнка.
Уладзімір Кухараў узначальвае Мінгарвыканкам з верасня 2020 года. Да гэтага ён на працягу двух гадоў быў намеснікам прэм’ер-міністра.
Прымаючы з дакладам Лук’янава, Лукашэнка адзначыў, што яму дакладваюць пра жаданне гендырэктара «Дзяржынскага» працаваць ва ўрадзе.
«Як з Кухаравым, мне дакладваюць, што Лук’янаў хоча працаваць ва ўрадзе. Я кажу: „Добра, я павінен з ім пагаварыць, як з Кухаравым, — па-мужчынску. Калі ён хоча, мы перашкаджаць не можам (таму што ты гэта заслужыў). Калі не хоча, то мы настойваць маглі б толькі тады, калі б ён не цягнуў гэтую структуру. А будзе нячэсна і несправядліва, калі я прызначу чалавека супраць яго жадання“. Ён, вядома, „салдат“, як Кухараў: „Я — куды прэзідэнт скажа“. Так і ты. Але я не хачу так дзейнічаць, таму што ў вас яшчэ ёсць патэнцыял і вы можаце даць карысць на канкрэтнай вытворчасці. Гэта добра, калі ў чалавека душа ляжыць да яго працы», — сказаў ён.