У Цюрыху прайшла цырымонія ўручэння Шнобелеўскіх прэмій 2026 года (Ig Nobel Prize). Жартоўны прыз уручаецца штогод за даследаванні, «якія спачатку прымушаюць людзей смяяцца, а затым прымушаюць задумацца».
Сёлета лаўрэатамі сталі:
- па біямеханіцы: навукоўцы з ЗША і Вялікабрытаніі Мацільда Брындл, Кэтрын Талбот і Сцюарт Уэст за распрацоўку больш дакладнага вызначэння пацалунка — «неаганістычныя ўзаемадзеянні, якія ўключаюць накіраваны, унутрывідавы, аральна-аральны кантакт з некаторым рухам губ/ротавых частак і без перадачы ежы» — у мурашак, птушак, белых мядзведзяў і людзей. Праца называецца «Параўнальны падыход да пацалункаў”;
- па эканоміцы: навукоўцы з ЗША, Мексікі, Канады Пол Піф, Даніэль Станката, Стэфан Котэ, Радольфа Мендас-Дэнтан і Дачэр Келтнер, якія сабралі доказы таго, што прадстаўнікі вышэйшага класа часцей крадуць цукеркі з дзіцячых запасаў і здзяйсняюць іншыя віды неэтычных паводзін. Праца называецца «Больш высокі сацыяльны клас прадказвае рост неэтычных паводзін»;
- па хіміі: група даследчыкаў з Індыі, Францыі, Японіі і ЗША, якія ўстанавілі, што малочныя бялкі жывародных тараканаў утрымліваюць у тры разы больш энергіі, чым малочныя бялкі кароў;
- па медыцыне: японец Такудзі Унна за даследаванне пад назвай «Як смаркацца — аэрадынамічнае даследаванне працэсу смаркання». Прэмія была ўручана пасмяротна. Праца была апублікавана яшчэ ў 1977 годзе;
- па біялогіі: група навукоўцаў з Бразіліі і Аўстраліі “за тое, што яны асцярожна наступалі на розныя часткі розных атрутных змей — шматкроць, пры розных тэмпературах і ў розны час сутак — каб паспрабаваць высветліць, што падахвочвае, а што не падахвочвае атрутную змяю ўкусіць чалавека”. Праца называецца «Даследаванне ахоўных паводзін атрутнай змяі як новы падыход да разумення змяінага ўкусу»;
- па фізіцы: Рэндзі Херд, Чжаа Пан, Тад Траскат, Кавішан Турайраджа (Канада, ЗША, Кітай, Саудаўская Аравія) за тэарэтычныя і эксперыментальныя спробы стварэння пісуара, які прадухіляе распырскванне;
- у галіне тэхналогій: навукоўцы з Кітая, Канады, ЗША і Егіпта за наватарскае выкарыстанне хабаткоў камароў у якасці высокадакладных соплаў для 3D-друку. Праца называецца «3D-некрадрук: выкарыстанне біятычнага матэрыялу ў якасці сопла для 3D-друку»;
- за нюх: Ілона Крой, Томаш Фрацковяк, Томас Хумель і Агнешка Саракоўска (Польшча, Германія, Швецыя) за збор доказаў таго, што немаўляты прыемна пахнуць для сваіх бацькоў, а падлеткі — не;
- прэмія міру: навукоўцы з ЗША, Аргенціны і Аўстраліі, якія паказалі, наколькі каштоўныя сябры, якія злосна ставяцца да тых, хто нам не падабаецца. Праца называецца «Часам нам патрэбныя злыя сябры: у людзей ёсць тонкія перавагі адносна таго, як яны хочуць, каб іх сябры паводзілі сябе ў адносінах да іх, а не да іншых»;
- па глебазнаўстве: Франц Бендэр, Марсел ван дэр Хейдэн, Атлант Біеры і Пія Вівіяні за пахаванне 1000 аднолькавых пар ніжняй бялізны ў больш чым 25 краінах, а затым іх выкопванне праз два месяцы. Праца называецца «Ацэнка стану глебы з дапамогай ніжняй бялізны».
🔥
Падтрымайце Reform.news данатам!