Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка накіраваў спачуванні спікеру іранскага парламента Махамаду Багеру Галібафу ў сувязі з гібеллю прадстаўнікоў улады і мірных жыхароў у выніку ўдараў ЗША і Ізраіля.
Ён заявіў пра “прынцыповую пазіцыю” беларускага боку супраць любых агрэсіўных дзеянняў.
“Беларускія парламентарыі глыбока ўзрушаныя трагічнай весткай пра шматлікія чалавечыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і разбурэнні ў Іране. Падзяляем пачуццё смутку родных і блізкіх загінулых. Пацвярджаем нашу прынцыповую пазіцыю супраць любых агрэсіўных дзеянняў, заклікаем не дапусціць далейшай эскалацыі канфлікту і гвалту. У гэты няпросты час выказваем словы падтрымкі парламенту і народу Ірана. Жадаем найхутчэйшага вырашэння ваеннага канфлікту мірным шляхам і нармалізацыі сітуацыі ў краіне”, — гаворыцца ў пасланні Сергяенкі.
Інфармацыі пра спачуванні, накіраваныя Ірану Аляксандрам Лукашэнкам, не паступала.
Нагадаем, Іран афіцыйна пацвердзіў гібель вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі, галоўнакамандуючага КСІР Махамада Пакпура, сакратара Савета абароны адмірала Алі Шамхані, начальніка Генштаба ўзброеных сіл Абдульрахіма Мусаві, міністра абароны Ірана Азіза Насірзадэ.
