Сенат ЗША прыняў рэзалюцыю аб абмежаванні ваенных паўнамоцтваў Трампа

Сенат ЗША ўхваліў прынятую раней Палатай прадстаўнікоў рэзалюцыю, якая заклікае прэзідэнта краіны Дональда Трампа спыніць выкарыстоўваць амерыканскія ўзброеныя сілы для вядзення баявых дзеянняў супраць Ірана.

За рэзалюцыю прагаласавалі 50 сенатараў, 48 былі супраць. Сярод тых, хто падтрымаў рэзалюцыю, былі чатыры сенатары-рэспубліканцы.

Дональд Трамп быў расчараваны такім галасаваннем Сената. Ён назваў яго бессэнсоўным.

“Такім чынам, я загнаў Іран у кут, ён гатовы ўпасці, гатовы даць нам практычна ўсё, і ўпершыню за дзесяцігоддзі, праяўляючы велізарную павагу да Злучаных Штатаў і іх прэзідэнта, МЯНЕ, а Сенат ЗША вырашае правесці недарэчнае па часе і бессэнсоўнае галасаванне па Законе аб ваенных паўнамоцтвах, заяўляючы галоўнаму спонсару тэрарызму ў свеце, што Злучаным Штатам не падабаецца тое, што я з ім раблю, і я павінен спыніцца, і тым самым аказваюць дапамогу і падтрымку ворагу.

Чатыры рэспубліканцы-няўдачнікі прагаласавалі разам з дэмакратамі, і Іран спытаў у маіх людзей: «Што ўсё гэта азначае?». Гэтыя сенатары толькі ўскладнілі мне працу, але я ўсё роўна яе выканаю, так ці інакш, таму што я заўсёды гэта раблю!” — напісаў Трамп у Truth Social.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!