Сенат Чэхіі выступіў супраць правядзення ў краіне матчаў з удзелам беларускіх і расійскіх каманд
Рэдакцыя Reform.news · 26 лістапада 2026, 09:28
https://reform.news/be/senat-chjehii-vystupi-suprac-pravjadzennja-kraine-matcha-z-udzelam-belaruskih-i-rasijskih-kamand/Сенат Чэхіі выступіў супраць правядзення ў краіне спартыўных матчаў і турніраў з удзелам зборных і клубаў Беларусі і Расіі, паведамляе ČTK. На пасяджэнні 25 лістапада пастанову падтрымалі 68 з 72 прысутных сенатараў.
Паводле звестак агенцтва, Сенат таксама падтрымаў ініцыятыву Чэшскага хакейнага саюза дамовіцца з іншымі краінамі аб байкоце матчаў супраць беларускіх і расійскіх каманд. Гаворка ідзе ў тым ліку аб міжнародных турнірах за межамі Чэхіі.
Прадстаўляючы праект, сенатар Іржы Ружычка патлумачыў, якой падтрымкі чакаюць ад урада чэшскія хакеісты. Калі міжнародныя федэрацыі прыгразяць зборным або клубам санкцыямі за адмову выходзіць на лёд, сенатары просяць урад сумесна з Нацыянальным спартыўным агенцтвам забяспечыць ім «поўную прававую, дыпламатычную і фінансавую абарону».
Нагодай для абмеркавання стала рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) аб вяртанні расійскіх хакейных зборных на міжнародныя спаборніцтвы. На думку сенатараў, суд не ўлічыў рызыкі для бяспекі, а яго рашэнне супярэчыць намаганням дэмакратычных краін па міжнароднай ізаляцыі Расіі ў сувязі з яе агрэсіяй супраць Украіны.
Сенат таксама падтрымаў рашэнне чэшскіх уладаў адмаўляць ва ўездзе членам расійскіх спартыўных дэлегацый. Тыднем раней міністр унутраных спраў Чэхіі Любамір Метнар заявіў, што расійскіх спартсменаў не пусцяць у краіну, нават калі яны атрымаюць візу ў іншай еўрапейскай краіне. Гэта датычыцца і чэмпіянату свету па хакеі сярод дзяўчат да 18 гадоў, які пройдзе ў студзені ў Остраве. Кіраўнік МЗС Чэхіі Петр Мацынка папрасіў калег з краін ЕС не выдаваць расійскім хакеістам і хакеісткам візы для ўдзелу ў турнірах.
23 лістапада лідары Даніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Швецыі і Эстоніі заклікалі краіны ЕС не выдаваць візы спартсменам з Беларусі і Расіі для ўдзелу ў спаборніцтвах. Сумесны ліст яны накіравалі старшыні Еўрапейскага савета Антоніу Кошце і старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен. На думку аўтараў звароту, Крэмль успрыняў бы вяртанне расійскіх каманд і спартсменаў на еўрапейскія спаборніцтвы як перамогу.
Раней Федэрацыя хакея Фінляндыі выступіла за сумесную адмову ад матчаў з расійскімі зборнымі. У заяве аб стварэнні кааліцыі гаворка ішла толькі пра Расію. Аднак 30 кастрычніка фінская федэрацыя заявіла, што ў цяперашніх умовах не бачыць падстаў для вяртання ў міжнародны хакей і беларускіх каманд.
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) адхіліла зборныя і клубы Беларусі і Расіі ад сваіх турніраў 28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Пазней IIHF дазволіла вярнуцца да спаборніцтваў беларускай юніёрскай зборнай да 18 гадоў, а таксама жаночай і жаночай юніёрскай зборным.
Допуск асноўнай мужчынскай і моладзевай зборных Беларусі IIHF разглядала асобна. 7 лістапада 2026 года савет федэрацыі зноў адмовіў ім ва ўдзеле ў чэмпіянатах свету 2027 года. Да таго моманту дысцыплінарная калегія IIHF скасавала ліпеньскае рашэнне аб недапуску, якое савет тлумачыў меркаваннямі бяспекі. Гэтым разам савет спаслаўся на зацверджаны фармат турніраў, расклад матчаў і продаж білетаў. Федэрацыя хакея Беларусі заявіла, што разглядае магчымасць абскардзіць рашэнне ў Спартыўным арбітражным судзе.
