Сем чалавек загінулі пры ўдары расійскай балістычнай ракеты па доме ў Харкаве

Расійская балістычная ракета разбурыла пад’езд жылога дома ў Харкаве. Сем чалавек загінулі, у тым ліку двое дзяцей, больш за дзесяць паранены, паведаміў кіраўнік Харкаўскай АДА Алег Сінягубаў.

Сярод загінулых — 65-гадовая жанчына, 40-гадовы мужчына, 13-гадовая дзяўчынка, 9-гадовы хлопчык. Пацярпелі жанчыны 55, 80, 75, 58, 60, 58 гадоў, 55-гадовы мужчына, 17-гадовая дзяўчына і хлопчыкі 6 і 11 гадоў.

За мінулыя суткі ўдарам падвергліся яшчэ 17 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. У Чугуеве пацярпелі 72-гадовы і 62-гадовы мужчыны і 58-гадовая жанчына, у сяле Зямлянкі Валчанскай абшчыны загінуў 70-гадовы мужчына.

Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, у начной атацы Расія прымяніла 29 ракет, амаль палова з якіх — балістычныя, а таксама 480 дронаў, пераважна «шахеды». Удары наносіліся па аб’ектах энергетыкі ў Кіеве, Хмяльніцкай і Чарнавіцкай абласцях, па чыгуначнай інфраструктуры на Жытоміршчыне.

Пашкоджанні зафіксаваныя ў Днепрапятроўскай, Запарожскай, Вінніцкай, Адэскай, Палтаўскай, Сумскай і Чаркаскай абласцях.

Зяленскі заклікаў партнёраў Украіны адрэагаваць на ўдары і запатрабаваў працяг праграмы PURL (Prioritized Ukraine Requirements List), а таксама актыўнага ўзаемадзеяння з ЕС для ўзмацнення абароны ўкраінскіх гарадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!