Сейм Литвы. Фото: facebook.com/LRSeimas
Сейм Літвы прыступіў да разгляду законапраекта аб дэнансацыі пагаднення з Беларуссю аб прыгранічным руху. Дакумент быў падпісаны ў 2010 годзе і павінен быў даць магчымасць бязвізавых паездак для жыхароў прыгранічных рэгіёнаў. Яны маглі б перасякаць мяжу па спецыяльных дазволах і знаходзіцца ў сумежнай зоне да 90 дзён на працягу паўгода.
Літва ў 2011 годзе ратыфікавала пагадненне, аднак у Беларусі ратыфікацыйныя працэдуры так і не былі даведзены да канца. У выніку пагадненне так і не ўступіла ў сілу.
Намеснік міністра замежных спраў Відмантас Вярбіцкас не бачыць ніякіх магчымасцяў для далейшага існавання гэтага пагаднення.
«На думку Міністэрства замежных спраў, улічваючы, што пагадненне не ўступіла ў сілу, а з моманту яго падпісання прайшло больш за 15 гадоў, яно страціла актуальнасць для абодвух бакоў, таму мэтазгодная яго дэнансацыя», — адзначыў намеснік міністра, перадае LRT.
Сейм прыняў праект да разгляду. Ён накіраваны ў камісіі. Плануецца, што на пленарным пасяджэнні законапраект будзе разгледжаны ў канцы месяца.