Санкцыі, палітвязні і Беларусь пасля Лукашэнкі — Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі

Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел прыняў кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлану Ціханоўскую у Празе, паведамляе Офіс лідара дэмсіл.

Бакі абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне, працэс вызвалення палітвязняў, санкцыйную палітыку, падтрымку Чэхіяй беларусаў у выгнанні і дапамогу рэпрэсаваным. Ціханоўская распавяла пра свой нядаўні візіт у Кіеў і сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а таксама падкрэсліла, што адна з галоўных задач дэмакратычных сіл — не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну, і ў гэтым інтарэсы Беларусі і Украіны супадаюць.

Таксама ішла гаворка пра змены ў рэгіянальнай палітычнай сітуацыі, вынікі выбараў у Арменіі і ўплыў Расіі на падзеі ў Беларусі і іншых краінах рэгіёна.

Асобна абмяркоўваліся магчымыя сцэнары развіцця падзей у Беларусі, перспектывы Беларусі пасля Лукашэнкі і крокі, якія ЕС можа зрабіць для падтрымкі дэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Па пытанні санкцый бакі канстатавалі, што прыкмет змены палітыкі рэжыму няма, паколькі, вызваляючы асобных людзей, ён працягвае браць новых закладнікаў. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць падтрымліваць дыпламатычныя намаганні адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па вызваленні палітвязняў, адначасова дамагаючыся поўнага спынення рэпрэсій.

Гаворка ішла таксама пра пачатак расследавання Міжнародным крымінальным судом злачынстваў супраць чалавечнасці і ўключэнне Лукашэнкі ў працэс стварэння Спецыяльнага трыбунала па агрэсіі супраць Украіны.

«Я падзякавала прэзідэнту Паўлу не толькі за яго прынцыповую пазіцыю па Беларусі, але і найперш за падтрымку Украіны. Бо ад Украіны сёння залежыць у тым ліку і лёс Беларусі. Мы шчыра гаварылі пра сітуацыю ўнутры Беларусі, пра пагрозы вакол нашай краіны і магчымыя сцэнары развіцця падзей. Абмеркавалі, што можа быць пасля Лукашэнкі і як захаваць і ўмацаваць беларускую незалежнасць. Пагаварылі і пра санкцыі — як зрабіць іх больш эфектыўнымі і як прымусіць рэжым вызваліць людзей. Я ведаю, што беларусы могуць разлічваць на падтрымку і прэзідэнта Паўла, і чэшскага ўрада, і чэшскага грамадства», — заявіла па выніках сустрэчы лідарка дэмсіл.

Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская падарыла прэзідэнту Чэхіі кнігу «Руіны Беларусі», якая была прызнана адной з найпрыгажэйшых кніг у Польшчы. Падпісваючы кнігу, яна адзначыла, што Беларусь заўсёды была і будзе часткай еўрапейскай гісторыі і культурнай прасторы.

Падчас візіту ў Прагу Ціханоўская таксама сустрэлася з міністрам замежных спраў Пятром Мацінкам, спікерам Сената Мілашам Выстрчылам і беларускімі арганізацыямі ў Празе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!